2016-05-18 11:33:00

Папа благаславіў абраз Яна Паўла ІІ для беларускай парафіі


Падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 18 мая 2016 г. папа Францішак благаславіў абраз св. Яна Паўла ІІ для беларускай парафіі, якая носіць яго імя. Гэта дакладная копія кананізацыйнага абраза самага вядомага Пантыфіка XX стагоддзя. 

Напісала абраз, які ў будучым будзе вісець у цэнтральным алтары яшчэ непабудаванага касцёла, італьянская мастачка Анна Тэдальдэрычонэ, паведаміў пробашч парафіі св. Яна Паўла ІІ у Мінску кс. Ігар Лашук. “Я спадзяюся, што св. Ян Павел ІІ заступіцца за нас перад Айцом Нябесным, бо ў Мінску сапраўды патрэбны новыя касцёлы. Мы разумеем, што застаюцца пустымі касцёлы ў вёсках, дзе мала людзей, нам шкада гэтых касцёлаў, але існуе вялікая міграцыя ў гарады, у Мінску жыве пятая частка насельніцтва краіны. І тут не толькі дзесяць касцёлаў павінна быць”, - адзначыў святар. 

Ідэя стварэння парафіі св. Яна Паўла ІІ у Мінску з’явілася яшчэ ў 2011 г., а зарэгістравана была практычна на другі дзень пасля абвяшчэння яго благаслаўлёным, і, такім чынам, стала адной з першых у свеце, якая носіць яго імя. Зараз парафіяне і пробашч збіраюцца на малітву ў памяшканні сацыяльнага цэнтра і прадпрымаюць спробы атрымаць дазвол на выдзяленне зямлі пад будаўніцтва касцёла ў мікрараёне Брылевічы. “Гэта была першая спроба атрымаць надзел, але, на жаль, нам адмовілі, бо будуецца зараз у Мінску шмат касцёлаў, але спадзяемся крок за крокам мы будзем рухацца, прадставім потым усе неабходныя дакументы. І будзем старацца хутчэй, як кажуць, калі заззяе сонца атрымання зямлі пад пабудову, арганізаваць парафіяльнае жыццё”, - выказаў надзею пробашч парафіі св. Яна Паўла ІІ у Мінску.

Неўзабаве абраз св. Яна Паўла ІІ, благаслаўлёны папам Францішкам,  адправіцца з Італіі ў Беларусь, каб заняць месца ў новым храме. А гэта, спадзяецца святар, будзе хутка. У пробашча ёсць ужо і дамоўленасць з італьянскім архітэктарам Джузэпэ Сэнпрыні, які пагадзіўся стварыць праект касцёла, які б стаў яшчэ адным духоўным цэнтрам Мінска і сапраўдным упрыгожваннем сталіцы.

Сімвалічна, што благаслаўленне абраза адбылося ў Ватыкане ў Дзень нараджэння Яна Паўла ІІ.








All the contents on this site are copyrighted ©.