2016-05-17 13:19:00

Папа: любоў да духа гэтага свету – варожая Богу


Езус вучыць шляху служэння, але часта ў Касцёле людзі шукаюць улады, грошай і марнасці, заўважыў папа Францішак 17 мая 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Пантыфік адзначыў існаванне кар’ерыстаў, гатовых знішчыць іншага, каб узняцца наверх.

Каментуючы літургічнае евангельскае чытанне (Мк 9,30-37), Францішак нагадаў, што Езус вучыў сваіх вучняў шляху служэння, але яны разважалі паміж сабою, хто большы. “Езус кажа мовай прыніжэння, смерці, адкуплення, а яны мовай кар’ерыстаў: у каго будзе большая ўлада”, - заўважыў Папа. 

Ён дадаў, што вучні паддаваліся спакусе ментальнасці гэтага веку. На шляху, які паказвае Езус, правілам з’яўляецца служэнне іншым, а не пыха, улада і грошы. Святы Айцец адзначыў, што таксама і сёння ў Касцёле існуе спакуса празмерных амбіцый, здзяйснення кар’еры і валодання грашыма.

Кіравацца ўладай, нянавісцю, зайздрасцю, якія знішчаюць іншых людзей – небяспечна. Гэта з’ява, аднак, прысутнічае і ў Касцёле і праяўляецца ў паклёпах і ачарненні іншых людзей.

“Вялікія святыя казалі, што адчуваюць сябе вялікімі грэшнікамі, бо зразумелі дух гэтага веку, які быў у іх, і мелі мноства спакусаў да марнасці. Ніхто з нас не можа сказаць: я не з’яўляюся чалавекам ад гэтага веку, я – чысты, бо мы ўсе сустракаемся са спакусай знішчэння іншага, каб узыйсці наверх. Гэта спакушэнне марнасцю, якая дзеліць і знішчае Касцёл. Гэта не дух Езуса”, - сцвердзіў Пантыфік і заклікаў вернікаў памятаць, што любоў да духа гэтага свету варожая Богу.








All the contents on this site are copyrighted ©.