2016-05-17 15:13:00

Пантыфік спачувае ў сувязі са смерцю кардынала-дыпламата


“Паважаны чалавек Касцёла”, які “даў сведчанне мудрага душпастырства і пільнай увагі да патрэбаў іншых, ідучы насустрач усім з дабрынёй і лагоднасцю”, – усё гэта памерлы 16 мая 2016 г. на 91-м годдзе жыцця кардынал Джавані Копа. Такім памятае яго папа Францішак, які скіраваў спачувальную тэлеграму ў сувязі са смерцю былога ватыканскага дыпламата, які ў1990-2001 гг. быў Апостальскім нунцыем у Чэшскай Рэспубліцы.

“Я з удзячнасцю ўспамінаю яго шчырую і кампетэнтную працу, у якасці руплівага супрацоўніка шасці Папаў, маіх папярэднікаў, якія давяралі яму далікатныя і важныя заданні”, - напісаў Францішак.

Джавані Копа пачаў сваё служэнне Святому Пасаду ў 1952 г. з працы ў Апостальскай канцэлярыі. Праз шэсць гадоў ён быў пераведзены на пасаду асэсара ў Дзяржсакратарыят. У якасці эксперта ў лацінскай мове прымаў удзел у Другім Ватыканскім Саборы.

Біскупскую сакру атрымаў у 1980 г., а ў 1990 г. быў прызначаны Апостальскім нунцыем у Чэхаславакіі. Пасля раздзялення гэтай краіны, у перыяд паміж 1993-1994 гг. быў папскім прадстаўніком і ў Чэхіі, і ў Славакіі, а затым, да 2001 г., у Чэхіі, “даючы сведчанне асабліва моцных і плённых высілкаў на карысць духоўнага дабра гэтай краіны”, падкрэсліў Францішак. 

У 2001 г. арцыбіскуп Джавані Копа сышоў на пенсію, але працягваў дапамагаць у працы Дзяржсакратарыяту. Кардынальскі берэт ён атрымаў у 2007 г. з рук Бэнэдыкта XVI, а апошнія гады жыцця правёў у Ватыкане.

Пасля смерці італьянскага кардынала Калегія Кардыналаў складаецца з 214 пурпуратаў: з іх 114 маюць права голасу на магчымым канклаве.








All the contents on this site are copyrighted ©.