2016-05-16 12:55:00

Святы Пасад стварыў цэнтр для бежанцаў у Іарданіі


Сельскагаспадарчы цэнтр для іракскіх і сірыйскіх бежанцаў быў адкрыты ў Іарданіі за кошт ахвяраванняў сабраных у павільёне Апостальскай Сталіцы падчас Міжнароднай выставы “Expо 2015”, якая праходзіла ў Мілане. Структура называецца “Сад міласэрнасці”. На яе тэрыторыі расце каля 600 аліўкавых дрэваў. Мэта праекту: стварыць працоўныя месцы для бежанцаў, каб на заробленыя грошы яны маглі годна ўтрымліваць свае сем’і.

Урачыстая інаўгурацыя цэнтру прайшла ў прысутнасці лацінскага Патрыярха Іерусаліма арцыбіскупа Фуада Тваля, Апостальскага нунцыя ў Іарданіі арцыбіскупа Альбэрта Артэгі Марціна і спецыяльнага Папскага пасланніка – кс. Сегудна Тэхада Мунаса, падсакратара Папскай рады “Cor Unum”, якая займаецца каардынацыяй праекту.

Прадстаўнік ватыканскай дыкастэрыі распавёў, што ў павільёне Апостальскай Сталіцы на выставе “Expо 2015” было сабрана каля 125 тыс. еўра на гуманітарныя праекты. Папа Францішак пажадаў, каб гэтыя сродкі былі прызначаны на патрэбы бежанцаў з Блізкага Усходу. У выніку ўзнікла ідэя стварэння працоўных месцаў для гэтых людзей.

“У гэтым заключаецца мэта праекту “Сад міласэрнасці”: даць працу гэтым людзям, таму што яны не могуць вечна жыць дзякуючы тым пакункам, якія ім раздаюцца. Калі ім будзе дадзена праца – таксама і гэта дасць ім годнасць”, - падкрэсліў святар.

Кс. Сегудна Тэхада Мунас заўважыў, што Папская рада “Cor Unum” аказвае рознабаковую дапамогу ахвярам блізкаўсходняга канфлікту. Ён нагадаў, што ў верасні 2016 г. у Ватыкане пройдзе трэцяя сустрэча з мэтай каардынацыі дабрачынных ініцыятыў у рэгіёне. У ёй прымуць удзел Апостальскія нунцыі, прадстаўнікі мясцовых Касцёлаў і некаторых дыкастэрый Святога Пасаду.








All the contents on this site are copyrighted ©.