2016-05-14 13:07:00

Францішак: трэба адрозніваць спагадлівасць ад літасці


Спагадлівасці, якая прадугледжвае суперажыванне, спачуванне і актыўную дапамогу іншаму чалавеку, прысвяціў пазачарговую агульную аўдыенцыю папа Францішак. Яна прайшла 14 мая 2016 г. у Ватыкане ў рамках святкавання Юбілейнага Году. Пантыфік нагадаў, што спагадлівасць – гэта адзін з самых важных аспектаў міласэрнасці. 

“Мы павінны быць пільнымі і не суадносіць спагадлівасці з асабліва распаўсюджанай літасцю, якая з’яўляецца выключна павярхоўнай эмоцыяй і абражае годнасць іншага. Таксама спагадлівасць не павінна блытацца з літасцю, якую мы адчуваем да жывёлаў, што жывуць разам з намі. Насамрэч, здараецца так, што часам мы адчуваем яе да жывёлаў і застаемся абыякавымі да пакутаў братоў”, - лічыць Папа.

Спагадлівасць – гэта праява Божай міласэрнасці. Гэта адзін з сямі дароў Святога Духа, які Хрыстус дае сваім вучням, каб зрабіць іх здольным ісці за Божым натхненнем. Францішак нагадаў, што многія евангельскія хворыя, апантаныя, бедныя і пакутуючыя звярталіся да Езуса з заклікам: “Змілуйся”. Хрыстус заўсёды адказваў ім міласэрнасцю і суцяшэннем.

“У гэтых закліках аб дапамозе ці просьбах аб спагадлівасці, кожны выказваў таксама сваю веру ў Езуса, называючы Яго “Настаўнікам”, “Сынам Давіда” і “Панам”. Яны адчувалі, што ў Ім было штосьці надзвычайнае, што магло ім дапамагчы выйсці з стану смутку, у якім знаходзіліся. Яны распазнавалі ў Ім любоў самаго Бога. І нават калі натоўп ціснуў на яго, Езус звяртаў увагу на гэтыя заклікі аб спагадзе і напаўняўся спачуваннем, асабліва калі бачыў людзей пакутуючых, з параненай годнасцю, як у выпадку з жанчынай, хворай на крывацёк (пар. Мк 5,32). Езус заклікаў іх давераць Яму і Яго слову (пар. Ян 6,48-55). Пачуццё спагады для Езуса адпавядае раздзяленню смутку з тымі, каго сустракаў, але ў той жа час асабістаму дзеянню па перамяненні яго ў радасць”, - сказаў Папа.

Паводле Святога Айца, спагадлівыя адносіны Хрыста да бліжніх, з’яўляюцца заклікам таксама і да вернікаў. “Таксама і мы пакліканы выхоўваць у нас спагадлівае стаўленне перад шматлікімі жыццёвымі сітуацыямі, скідваючы з сябе абыякавасць, якая перашкаджае прызнаць патрэбы братоў, якія знаходзяцца побач, і вызваляючы сябе ад няволі матэрыяльнага дабрабыту”, - падкрэсліў Францішак. 

Святы Айцец заклікаў вернікаў углядацца ў прыклад Марыі, якая клапоціцца пра кожнага са сваіх дзяцей, з’яўляючыся сапраўднай “іконай” спагадлівасці.

Непасрэдна перад агульнай аўдыенцыяй папа Францішак сустрэўся з групай хворых, якіх папрасіў аб малітве за сябе і за ўвесь Касцёл.








All the contents on this site are copyrighted ©.