2016-05-13 13:07:00

Святы Айцец раскрытыкаваў эканоміку выключэння


Найбольш вострыя праблемы сучаснасці неабходна разглядаць у шырокай перспектыве: у беднасці бачыць не толькі эканамічны, але і маральны аспект, міграцыю разумець як з’яву, якая выходзіць па-за межы асобных краін і закранае ўсё чалавецтва. Пра гэта казаў Папа 13 мая 2016 г. падчас сустрэчы з удзельнікамі Міжнароднай канферэнцыі Фонду “Centesimus Annus pro Pontifice”.

Святы Айцец падзяліўся сваім досведам сустрэчы і дыялогу з мігрантамі падчас паездкі на грэчаскі востраў Лесбас, дзе стаў “сведкай жахлівых чалавечых пакут”. Пантыфік падкрэсліў, што міжнародная супольнасць не павінна абмяжоўвацца толькі матэрыяльнай дапамогай ахвярам гэтай праблемы. Ад яе чакаюць рашэнняў палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага характару і доўгатэрміновай перспектывы.  

Барацьба з беднасцю, на думку Францішка, патрабуе міжнароднай салідарнасці і больш справядлівага стаўлення да патрэб і надзей як асобных людзей, так і цэлых народаў. “У святле гэтага адказнага задання ініцыятыва Фонду вельмі своечасовая”, - адзначыў Святы Айцец. “Натхнёная спадчынай сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла, сённяшняя канферэнцыя ўсебакова даследуе практычныя і этычныя патрэбы сучаснай сусветнай эканомікі і адначасова спрабуе выпрацаваць базу для эканамічнай культуры, якая б адзначалася большай павагай да чалавечай годнасці”, - сказаў Папа.

Святы Айцец перакананы, што эканоміка, накіраваная выключна на атрыманне прыбытку і паляпшэнне матэрыяльнага дабрабыту, не будзе мець станоўчага ўплыву на працэсы глабалізацыі і не зможа спрыяць інтэгральнаму развіццю людзей, справядліваму размеркаванню рэсурсаў, забеспячэнню годнай працы і росту індывідуальнай ініцыятывы чалавека. Эканоміка выключэння і несправядлівасці закранае і развітыя краіны, якія сёння сутыкнуліся з небывалым працэнтам беспрацоўных.

Пантыфік выказаў спадзяванне, што гэта сустрэча паспрыяе распрацоўцы “новых мадэляў эканамічнага развіцця, арыентаваных на ўсеагульнае дабро, сацыяльнае ўключэнне, усебаковае развіццё, павелічэнне колькасці працоўных месцаў і інвестыцыі ў чалавечы рэсурс”.








All the contents on this site are copyrighted ©.