2016-05-12 12:43:00

Венесуэла: ватыканская дыпламатыя – пасярэднік у канфлікце


У Венесуэле выбарчая кааліцыя “Круглы стол дэмакратычнага адзінства” (ісп. Mesa de la Unidad Democrática), якая складаецца з правацэнтрысцкіх, цэнтрысцкіх і левацэнтрысцкі палітычных партый выступіла з просьбай да Апостальскага нунцыя ў краіне, арцыбіскупа Альда Джардана стаць пасярэднікам у канфлікце з кіруючымі сацыялістамі і ў працэсе вызвалення палітычных зняволеных. Ватыканскі дыпламат ужо сустракаўся з віцэ-прэзідэнтам Арыстобула Істурысам, каб вывучыць такую магчымасць. 

Венесуэла ўжо на працягу многіх гадоў перажывае сур’ёзны эканамічны і палітычны крызіс. На піку масавых пратэстаў два гады таму многія апазіцыйныя палітыкі былі арыштаваныя і прысуджаныя да доўгіх тэрмінаў пазбаўлення волі. Праваабарончыя арганізацыі і Каталіцкі Касцёл у краіне раскрытыкавалі затрыманні і судовыя працэсы як палітычна матываваныя.

На апошніх парламенцкіх выбарах у Венесуэле перамагла апазіцыя. Было сабрана больш за два мільёны подпісаў за правядзення рэферэндуму, накіраванага на змену сацыялістычнага Прэзідэнта Нікаласа Мадуры. Цяперашняе кіраўніцтва абвясціла, што значная частка подпісаў падробленыя. Марш пратэсту апазіцыі, які прайшоў сераду, быў разагнаны сілай.

Трэба нагадаць, што папа Францішак нядаўна напісаў ліст да Прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры, у якім выказаў сваё стаўленне да сітуацыі ў краіне. Ён пажадаў Венесуэле вырашыць свае праблемы шляхам дыялогу, а не канфрантацыі. Пантыфік выказваў сваю заклапочанасць сітуацыяй у гэтай лацінаамерыканскай краіне і ў сваім велікодным пасланні, прымеркаваным да благаслаўлення “Urbi et Orbi”. Ён заклікаў улады Венесуэлы працаваць на карысць супольнага дабра, шукаючы прасторы для дыялогу і супрацоўніцтва з усімі. 

У канцы красавіка венесуэльскія біскупы заклікалі ўрад краіны дазволіць Каталіцкаму Касцёлу прыняць удзел у дастаўцы насельніцтву прадуктаў харчавання і медыкаментаў. Епіскапат лічыць, што такой цяжкай эканамічнай сітуацыі ў Венесуэле не было ніколі.








All the contents on this site are copyrighted ©.