2016-05-12 11:50:00

Ватыканскі банк апублікаваў справаздачу за 2015 год


Інстытут рэлігійных спраў (Ватыканскі банк) працягвае дапамагаць Святому Айцу ў яго служэнні пастыра Паўсюднага Касцёла, гаворыцца ў апублікаванай 12 мая 2016 г. штогадовай справаздачы гэтай структуры Апостальскай Сталіцы. 

Паводле дакумента, капітал Інстытута рэлігійных спраў на 31 снежня 2015 г. складаў 654 млн. еўра, з чыстым гадавым прыбыткам нета 16,1 млн. еўра. Аперацыйны прыбытак быў зафіксаваны на ўзроўні 42,8 млн. еўра. Гэта значна менш, чым у 2014 г. Але Ватыканскі банк лічыць вынік задавольваючым, улічваючы няўстойлівасць фінансавых рынкаў, што асабліва адчувалася ў другім семестры 2015 г. Чысты прыбытак за 2015 г. уключыў у сябе таксама рэзервы для падатковых выплатаў і сродкі для закрыцця пытання, звязанага з інвестыцыямі, якія рабіліся ў мінулым.

Прадстаўленыя ў справаздачы дадзеныя станоўча сведчаць аб новай інвестыцыйнай стратэгіі Інстытута рэлігійных спраў, якая пачала рэалізоўвацца напрыканцы 2014 г., з мэтай зняцця рызык і рэалізацыі больш бяспечнага партфелю ўласнасці. 

У перыяд паміж чэрвенем 2013 г. і снежнем 2015 г. былі закрыты 4 935 банкаўскіх рахункаў. На дадзены момант у Інстытута рэлігійных спраў 14 801 кліент. Сярод іх: структуры Апостальскай Сталіцы і Ватыкану, манаскія супольнасці, каталіцкія ўстановы, прадстаўнікі духавенства, ватыканскія служачыя і члены дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе.

75% кліентаў фінансавай структуры з’яўляюцца рэзідэнтамі Італіі і Ватыкана, 15% – Еўропы і 10% – іншых частак свету. У 2015 г. Інстытутам рэлігійных спраў быў заключаны шэраг міжнародных пагадненняў, з мэтай умацавання празрыстасці. Для паляпшэння кіравання былі створаны дзве адмысловыя камісіі і прызначана новае кіраўніцтва. Амерыканская кампанія “Deloitte & Touche S.p.A” правяла тут шырокі фінансавы аўдыт.








All the contents on this site are copyrighted ©.