2016-05-10 11:31:00

Папа: місіянеры “спальваюць” жыццё дзеля Хрыста


Паслухмянасць Святому Духу падштурхоўвае “спаліць” жыццё дзеля абвяшчэння Евангелля, нават у самых далёкіх месцах, сказаў папа Францішак 10 мая 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Пантыфік спаслаўся да евангельскага апавядання пра развітанне апостала Паўла з хрысціянскага супольнасцю Мілету (Дз 20,17-27).

Cвяты казаў: “І вось цяпер, прымушаны Духам, я іду ў Ерузалем, не ведаючы, што мяне там сустрэне, апроч таго, што Дух Святы ў кожным горадзе сведчыць, кажучы, што чакаюць мяне кайданы і ўціск”. Гэтыя словы “нагавадваюць пра жыццё нашых місіянераў”, заўважыў Францішак: прымушаныя Святым Духам, яны таксама адпраўляюцца ў далёкія краіны, ахвяруючы сваім жыццём.

На могілках у місійных краінах нярэдка можна ўбачыць магілы зусім маладых місіянераў, якія літаральна “спальвалі” сваё жыццё, распавёў Папа. “Я думаю, што яны, у той момант, будучы далёка ад сваёй радзімы, сваёй сям’і, сваіх блізкіх, казалі: “Тое, што я зрабіў – было варта гэтага!”, дадаў ён.

Паводле слоў Францішка, місіянеры адпраўляюцца несці Евангелле, няведаючы, што іх чакае: яны ведаюць, што жыццё не будзе лёгкім, але ўсё адно едуць туды.

Папа перакананы, што сучасныя “місіянеры – гэта героі евангелізацыі”. “Я думаю было б справядліва падзякаваць Пану за іх сведчанне. Я думаю, што мы рады мець такіх місіянераў, якія з’яўляюцца сапраўднымі сведкамі”, - сказаў ён і дадаў, што сярод іх ёсць мноства мучанікаў. Усе яны, паводле Францішка, з’яўляюцца славай Касцёла.

Напрыканцы сваёй гаміліі Папа зазважыў, што характэрнай рысай місіянера, з’яўляецца паслухмянасць Святому Духу. Пантыфік заклікаў юнакоў і дзяўчат, якіх не задавальняе культура спажывецтва і самалюбавання, паглядзець на іншы далягляд – туды дзе працуюць місіянеры і прасіць аб ласцы Святога Духа, каб “спаліць” сваё жыццё ў служэнні і абвяшчэнні Евангелля.








All the contents on this site are copyrighted ©.