2016-05-10 12:13:00

Пантыфік ухваліў публікацыю дэкрэтаў


Папа Францішак 9 мая 2016 г. прыняў на аўдыенцыі прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, кардынала Анджэла Амата і ўпаўнаважыў дыкастэрыю да апублікавання трох дэкрэтаў. 

Два з іх тычацца прызнання цуду для кананізацыі. Першы – праз заступніцтва благаслаўлёнага Людавіка Павоні, заснавальніка кангрэгацыі Сыноў Марыі Беззаганна Зачатай. Ён жыў на мяжы ХVIII-XIX стагоддзяў і быў вялікім італьянскім патрыётам. Яго адукацыйныя праекты сталі прататыпам для сучасных прафесійных навучальных устаноў. Людавіка Павоні быў дбайным прапаведнікам, які паставіў на службу Божаму Слову дасягненні ў галіне друку і выдавецкай дзейнасці. Быў прадвеснікам сацыяльнага навучання Касцёла і яшчэ за паўстагоддзя да выдання энцыклікі Льва ХІІІ “Rerum novarum” бараніў права людзей на годную працу, заробак, адпачынак па хваробе і іншыя сацыяльныя гарантыі. Ён памёр гераічна ратуючы сваіх вучняў падчас аўстрыйскай вайсковай інтэрвенцыі на поўнач Італіі ў 1849 годзе.

Другі дэкрэт тычыцца прызнання цуду праз заступніцтва благаслаўлёнага Саламона Леклерка, з кангрэгацыі Братоў хрысціянскіх школ – мучаніка антыкаталіцкага пераследу эпохі Французскай рэвалюцыі. Ён быў арыштаваны ў 1792 годзе за адмову ад складання спецыяльнай прысягі “Свецкай канстытуцыі духавенства” і асуджаны на смерць.

Трэці дэкрэт датычыць прызнання гераічнасці цнотаў францішканіна, Слугі Божага айца Рафаэля Эмануэля Альманса Рыяна.








All the contents on this site are copyrighted ©.