2016-05-10 10:28:00

Ватыканскае выдавецтва нагадае пра драму бежанцаў


Ватыканскае выдавецтва будзе прадстаўлена на Міжнародным кніжным салоне ў Турыне, які пройдзе 12-16 мая 2016 г. Яго выставачны стэнд будзе займаць плошчу ў 110 квадратных метраў. На ім будуць прадстаўлены каля 485 найменняў выданняў. У першую чаргу гэта будуць кнігі, звязаныя з дзейнасцю Папаў, галоўным чынам папы Францішка: энцыклікі, адгартацыі, ранішнія гаміліі, катэхезы. Значная частка ватыканскай экспазіцыі будзе прысвечана кнігам, апублікаваным да Юбілею Міласэрнасці, а таксама выданням аб Святым Пісанні, гісторыі Касцёла, мастацтве, кананічным праве і дзейнасці розных структур Апостальскай Сталіцы.

У рамках турынскага салона будуць прадстаўлены дзве новыя публікацыі Ватыканскага выдавецтва, прысвечаныя: аналізу мовы папы Францішка і годнасці чалавечай асобы.

Ватыканскі выставачны стэнд раскажа пра драму мігрантаў і бежанцаў. Ён будзе выкананы ў трох колерах: белым, жоўтым і блакітным – колерах флага Дзяржавы Ватыкан і мора.

У цэнтры экспазіцыі размесціцца вялікі парусны човен і мноства іншых – маленькіх. Яны будуць сімвалізаваць Касцёл і бежанцаў, якія спрабуюць пераправіцца праз Міжземнае мора. На парусе вялікага чоўна змешчаны заклік Святога Айца: “Вяслуйце нават пры сустрэчным ветры. Вяслуйце, служачы Касцёлу. Будзем веславаць разам”. Тут таксама размесцяцца фотаздымкі, звязаныя з візітам папы Францішка на востраў Лампедуза, 8 ліпеня 2013 г.

Бягучы год з’яўляецца паспяховым для Ватыканскага выдавецтва. На працягу першага трыместра яго валавы абарот вырас на 3,25%: з 768,4 тыс. еўра да 793,4 тыс. еўра. 








All the contents on this site are copyrighted ©.