2016-05-09 16:45:00

Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі: мір – адна з місій Касцёла


Дыпламатыя і палітыка маюць патрэбу ў тым, каб быць прасякнутымі міласэрнасцю і здольнасцю ўздымацца над чалавечаю мізэрнасцю, сказаў кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. Бліжэйшы супрацоўнік Папы знаходзіцца з афіцыйным візітам у Літве і 9 мая 2016 г. сустрэўся са студэнтамі і выкладчыкамі некаторых вільнюскіх ВУЗаў. 

Пурпурат прачытаў лекцыю аб дыпламатыі Апостальскай Сталіцы на службе міру ў свеце. Ён заўважыў, што ад Бэнэдыкта XV, пантыфікат якога пачаўся амаль праз месяц пасля пачатку Першай сусветнай вайны, да Францішка, дыпламатычная дзейнасць Пантыфікаў на карысць міру набывала ўсё большае значэнне. 

Дыпламатыя Святога Пасаду, гэта нішто іншае, як дыпламатыя самаго Папы, заўважыў ён. Апостальская Сталіца ад самага пачатку ўдзельнічае ў працы міжнародных арганізацый і спрыяе трываламу міру, а таксама “павазе да правоў чалавека, у тым ліку права на жыццё, права на свабоду сумлення і веравызнання, гуманітарнага права, абароне навакольнага асяроддзя, разбраенню, належнаму клопату аб мігрантах і бежанцах, інтэгральнаму чалавечаму развіццю”. Уклад Святога Пасаду: маральны і духоўны. “Спрыяць міру – гэте не штосьці чужое місіі Касцёла”, гэта “важная частка яго задання”, сказаў пурпурат.

Кардынал Паралін заўважыў, што папа Францішак заклікае, каб палітыка і дыпламатыя імкнуліся да дасягнення не толькі хуткіх вынікаў, але ў першую чаргу, доўгатэрміновых. Ён настойвае на пераадоленні прыватных інтарэсаў і ўмацаванні культуры салідарнасці. 

Раніцай 9 мая 2016 г. кардынал Паралін сустрэўся з Прэзідэнтам Літвы, Даляй Грыбаўскайтэ, з рук якой атрымаў ордэн Вітаўта Вялікага. Вечарам ён накіруецца ў Эстонію, а 12 мая пачнецца яго двухдзённы візіт у Латвію. 








All the contents on this site are copyrighted ©.