2016-05-07 12:18:00

Прэфект па камунікацыі: карыстацца мовай міласэрнасці


Папа Францішак заклікае журналістаў карыстацца мовай міласэрнасці, заўважыў прэфект Сакратарыяту па камунікацыі Апостальскай Сталіцы напярэдадні Сусветнага дня масавай камунікацыі, які будзе адзначацца 8 мая 2016 г. 

Кс. Дарыё Вігано падкрэсліў, што паміж камунікацыяй і міласэрнасцю павінна быць асабліва блізкая сувязь. Юбілейны год з’яўляецца цудоўнай нагодай, каб паразважаць над ёй, дзеля таго, каб камунікацыя магла “лячыць” сапсаваныя адносіны, аднаўляць мір і гармонію у сем’ях і супольнасцях, а яе мова была не патрабавальнай, а ўзносячай і здольнай заахвочваць.

Сусветны дзень масавай камунікацыі – гэта адзінае свята такога роду, устаноўленае падчас Другога Ватыканскага Сабору. Паводле кс. Вігано, гэта сведчыць пра асаблівы клопат Касцёла аб сваёй прысутнасці ў сучасным свеце. 

“Менавіта гэтыя адносіны – “Касцёл-свет” – патрабуюць здольнасці камунікацыі, якая ў першую чаргу з’яўляецца набліжэннем, гэта значыць стасункамі, камунікацыі, здольнай будаваць супольны дом, дзе адметнасці не сціраюцца, а захоўваюццца, але ўзаемна асвятляюцца”, - сказаў ён.

Прэфект Сакратарыяту па камунікацыі перакананы, што ўвага Францішка да інтэрнэту і сацыяльных сетак гаворыць пра важнасць і карыснасць прысутнасці ў гэтых асяроддзях, якая павінна суправаджацца сапраўднай сустрэчай. Прысутнасць у інтэрнэце павінна весці да канкрэтных адносін і стасункаў з іншымі людзьмі, лічыць святар. “Тэхналогія – гэта штосьці, што патрабуе чалавечага сэрца: мы маем патрэбу ў тым, каб даць тэхналогіі больш чалавечнасці”, - дадаў кс. Вігано.








All the contents on this site are copyrighted ©.