2016-05-07 13:32:00

Кардынал Дзяржсакратар пачаў “балтыйскі” візіт


Дзяржсакратар Яго Святасці Папы, кардынал Пьетра Паралін пачаў свой афіцыйны візіт у тры балтыйскія краіны: Літву, Эстонію і Латвію. Ён будзе працягвацца 7-13 мая 2016 г.

Пурпурат прыбыў у Вільнюс раніцай 7 мая. Пасля сустрэчы з прэм’ер-міністрам краіны Альгірдасам Буткявічусам ён накіруецца ў Шаўляй, дзе прывітае персанал авіяцыйнай базы НАТА і наведае мясцовую святыню – Крыжовую гару.

8 мая кардынал Паралін сустрэнецца з законніцамі, памоліцца ў Вострабрамскай капліцы, наведае Сейм, узначаліць Эўхарыстыю з нагоды Нацыянальнага кангрэсу Божай Міласэрнасці і здзейсніць кароткае падарожжа ў Тракай.

9 мая ў прэзідэнцкім палацы яму будзе ўручаны ордэн Вітаўта Вялікага. Пурпурат сустрэнецца з кіраўніком дзяржавы, Даляй Грыбаўскайтэ, наведае Мемарыял ахвярам падзей 13 студзеня 1991 г. каля вільнюскага тэлецэнтру і экспазіцыю Музею ахвяр генацыда. Кардынал Паралін прачытае лекцыю аб дыпламатыі Апостальскай Сталіцы на службе міру ў вільнюскім касцёле св. Яна, сустрэнецца з Міністрам замежных спраў Лінасам Лінкявічусам, ускладзе квяточны вянок да помніку змагарам за свабоду і незалежнасць Літвы. У другой палове дня ён наведае мясцовую семінарыю, дзе сустрэнецца з клерыкамі і біскупамі.

Вечарам бліжэйшы супрацоўнік Папы накіруецца ў Эстонію. Раніцай 10 мая ён ускладзе квяточны вянок да помніку ахвярам вайны за незалежнасць краіны ў Таліне. Затым сустрэнецца з эстонскімі палітыкамі, прыме ўдзел у экуменічнай малітве і ўзначаліць св. Імшу.

11 мая кардынал Паралін будзе цэлебраваць Эўхарыстыю ў Тарту, наведае мясцовую каталіцкую школу, універсітэт, дзе прачытае лекцыю на тэму “Святы Пасад і міжнародныя адносіны”, а таксама наведае парафіяльны касцёл у горадзе Валга, на мяжы з Латвіяй.

Нагодай для візіту ў Латвію стане 25-годдзе аднаўлення дыпламатычных адносін паміж гэтай краінай і Святым Пасадам. Афіцыйная частка візіту кардынала Дзяржсакратара пачнецца 12 мая. У Рызе ён сустрэнецца з палітычным кіраўніцтвам краіны, ушануе памяць змагароў за свабоду, правядзе прэс-канферэнцыю, наведае Музей акупацыі, Сейм і універсітэт, дзе прыме ўдзел у прэзентацыі перакладу на латышскую мову папскай энцыклікі “Laudato si’”.

У рыжскім катэдральным касцёле кардынал Паралін будзе цэлебраваць св. Імшу, якая будзе трансліравацца латвійскім тэлебачаннем і наведае Нацыянальны музей гісторыі Латвіі.

На наступны дзень, 13 мая, кардынал Дзяржсакратар памоліцца разам з мясцовымі біскупамі і семінарыстамі і прыме ўдзел у экуменічнай сустрэчы. Пасля гэтага ён накіруецца ў аэрапорт, адкуль выляціць у Рым.








All the contents on this site are copyrighted ©.