2016-05-06 10:57:00

Францішак: слёзы Езуса – супрацьяддзе ад абыякавасці


Малітва – гэта сапраўдны лек у хвіліны пакутаў, таму што ў ёй можна адчуць блізкую прысутнасць Бога, адзначыў папа Францішак падчас набажэнства “Выцерці слёзы”, якое ўзначаліў 5 мая 2016 г. у Ватыкане. 

“У хвіліны смутку, цярпення па прычыне хваробы, у трывозе пераследу і болю жалобы, кожны шукае слоў суцяшэння. Мы адчуваем моцную патрэбу ў тым, каб хтосьці быў побач і паспачуваў нам. Мы адчуваем, што значыць быць дызарыентаванымі, разгубленымі, параненымі так глыбока, як ніколі раней (...) Думкі напаўняюцца пытаннямі, але адказы не прыходзяць”, - заўважыў Папа.

Паводле Святога Айца, толькі розуму недастаткова, каб зразумець боць. Неабходныя “аргументы сэрца” – адзіныя, якія “здольныя дапамагачы пазнаць таямніцу, што атачае нашу самотнасць”.

“Мы маем патрэбу ў міласэрнасці, суцяшэнні, што паходзіць ад Пана. Усе маем ў гэтым патрэбу; гэта наша мізэрнасць, а ў той жа час і наша веліч: прасіць аб суцяшэнні Бога, які ў сваёй спагадзе прыходзіць, каб выцерці слёзы з нашага твару”, - падкрэсліў Папа.

Францішак заўважыў, што чалавек, у сваіх пакутах і цярпеннях, не знаходзіцца ў адзіноце. Таксама і Езус ведае, што значыць плакаць па згубе любімага чалавека. Хрыстус не мог стрымаць слёз, калі даведаўся пра смерць Лазара.

“Слёзы Езус прыводзілі да разгубленасці шмат тэолагаў на працягу стагоддзяў, але перш за ўсё, яны абмылі мноства душаў, палегчылі боль ад мноства ранаў”, - сказаў Папа і нагадаў, што і Хрыстус асабіста перажыў страх пакутаў і смерці, расчараванне і смутак з прычыны здрады Юды і Пятра, боль з прычыны смерці Лазара. 

“Калі Бог плакаў, таксама і я магу плакаць, ведаючы, што буду зразуметым. Слёзы Езуса – гэта супрацьяддзе ад абыякавасці да пакутаў маіх братоў. Гэтыя слёзы вучаць браць на сябе боль іншых людзей, падзяляць беды і пакуты тых, хто жыве ў найбольш балючых сітуацыях (...) Слёзы Езуса не могуць застацца без адказу тых, хто верыць у Яго. Як Ён суцяшае, так і мы пакліканы суцяшаць”, - сказаў Пантыфік. 

Францішак нагадаў, што ў моманты трывогі, хвалявання і плачу з сэрца Езуса зыходзіла малітва да Айца. Ён заклікаў наследаваць гэты прыклад: трэба звяртацца да Бога, бо Яго спагадлівы позірк дае суцяшэнне, моц Яго слова – падтрымлівае, напаўняючы надзеяй, а “сіла любові перамяняе пакуты ва ўпэўненасць у перамозе Хрыста, і нашай перамозе з Ім”.








All the contents on this site are copyrighted ©.