2016-05-06 13:58:00

Святы Айцец: перажываць пакуты з надзеяй на Бога


Хрысціянін павінен не шукаць “анестезіі” для болю, але перажываць пакуты ў надзеі на тое, што Бог дасць радасць, якую ніхто не можа адабраць, сказаў Папа 6 мая 2016 г. падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане. Ён спаслаўся на фрагмент Евангелля св. Яна (16, 20-23), у якім Езус абяцае, што смутак вучняў зменіцца ў радасць.

Паводле Папы, у пакутах, перанесеных з радасцю і надзеяй, нараджаецца новы чалавек. Такія радасць і надзея больш трывалыя і непрамінальныя, перакананы ён.

Святы Айцец заўважыў, што радасць без надзеі – гэта “простая забава, мімалётная весялосць”, а надзея без радасці не сягае далей за “здаровы аптымізм”. Яны павінны ісці разам, умацоўваць адна адну і дапамагаць выйсці за ўласныя рамкі, бо “радасны чалавек не закрываецца ў самім сабе”.

Францішак нагадаў, што звычайнай чалавечай радасці можа пазбавіць кожная цяжкасць, але Езус дорыць такую радасць, якая будзе заставацца нават у самыя цёмныя моманты. 

Пасля Унебаўшэсця Хрыста вучні са смуткам углядаліся ў неба. Але пасля размовы з анёлам “з вялікай радасцю вярнуліся ў Ерузалем”. Надзея на жыццё побач з Панам становіцца радасцю, якой пранікаецца ўвесь Касцёл, падкрэсліў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.