2016-05-06 12:56:00

Папская гвардыя: прысяга на вернасць Богу і Святому Айцу


“Не чакайце, пачынайце ужо сёння сваёй вернай штодзённай службай Святому Айцу, братэрскасцю і добрымі адносінамі паміж вамі, прыкладам веры сведчыць, што Бог жывы, пяшчотны і міласэрны”, - заклікаў Дзяржсакратар Яго Святасці кардынал Пьетра Паралін 6 мая 2016 г. з галоўнага алтара ватыканскай базылікі. Пурпурат узначаліў ранішнюю Эўхарыстыю для Папскай швейцарскай гвардыі перад прысягай 23 новых рэкрутаў.

Кардынал Паралін звярнуўся да зместу і сэнсу біблійных падзей, якія ўзгадваюцца вернікамі падчас святкавання Унебаўшэсця Пана і Спаслання Духа Святога: перш чым узняцца на неба, Езус наказаў сваім вучням ісці па ўсім свеце і прапаведваць Евангелле, а праз Духа Святога надзяліў іх неабходнымі моцай і адвагай.

Дзяржсакратар падкрэсліў, што прапаведванне – складаная справа, якая нярэдка сутыкаецца з пераследам і часам падтрабуе вялікіх ахвяр, нават смерці. Нездарма і навабранцы Швейцарскай гвардыі прымаюць прысягу 6 мая – у памяць аб трагічнай падзеі 1527 г., калі падчас захопу і разграблення Рыма войскамі імператара Карла V 147 гвардзейцаў загінулі, абараняючы Наступніка св. Пятра. Па словах кардынала Параліна, ахвяра жыцця не была б магчыма без веры ва ўваскрослага Хрыста.

Пурпурат узгадаў заступнікаў Швейцарскай гвардыі – св. Марціна, св. Себасцьяна і св. Мікалая з Флюэ, якія былі надзейнымі прыладамі ў руках Божых у любых справах, да якіх былі пакліканы. Ён заклікаў гвардзейцаў быць адважнымі сведкамі Хрыста ва ўсім свеце, які прагне святла, аднак часта не мае мужнасці яго прыняць.

Цырымонія прысягі навабранцаў Папскай швейцарскай гвардыі пройдзе вечарам 6 мая.








All the contents on this site are copyrighted ©.