2016-05-06 13:34:00

Папа марыць пра новы еўрапейскі гуманізм і маладую Еўропу


6 мая 2016 г. у Ватыкане папу Францішку была ўручана Міжнародная прэмія імя Карла Вялікага. Цырымонія прайшла ў Каралеўскім зале ватыканскага Апостальскага палаца. У ёй прынялі ўдзел шматлікія еўрапейскія палітычныя дзеячы.
 
“Крэатыўнасць, стараннасць, здольнасць уздымацца і выходзіць за ўласныя абмежаванні ўласціва душы Еўропы”, - сказаў Папа ў сваёй прамове. Ён нагадаў, як пасля Другой сусветнай вайны, дзякуючы Божай ласцы, Еўропа, “пасля шматлікіх падзелаў, нарэшце знайшла саму сябе і пачала будаваць свой дом”.

Пантыфік заўважыў, што жаданне будаваць адзінства ў Еўропе сёння ўсё больш слабее і нагадаў, што ў Еўрапейскім парламенце дазволіў сабе назваць Еўропу бабуляй, бясплоднай і ледзьве жывой, якая пакутуе ад стомленнасці і старэння. Падчас таго выступлення Францішак заўважыў, што вялікія ідэалы, якія натхнялі Еўропу, страцілі сваю сілу прыцягнення.

Таму, паводле Святога Айца, у актуальным гістарычным кантэксце трэба зрабіць “перазагрузку памяці”, абстрагавацца ад сучаснасці і паслухаць голасу айцоў-заснавальнікаў адзінай Еўропы. Іх задумы не зжылі сябе. Яны заклікаюць не задавальняцца “касметычным рэтушаваннем ці завілістымі кампрамісамі ў папраўленні шматлікіх трактатаў, але адважна закласці новы падмурак". Пантыфік заклікаў чэрпаць натхненне з мінулага, каб адказаць на сучасныя выклікі і “абнавіць” ідэю Еўропы, якая будзе ў стане даць свету новы гуманізм, заснаваны на трох здольнасцях: інтэграваць, весці дыялог і ствараць.

Здольнасць да інтэграцыі звязана з дынамічнай і шматкультурнай тоеснасцю Еўропы. Яна тычыцца салідарнасці, “якая ніколі не павінна блытацца з падачкай”, - сказаў Пантыфік. 

На думку Папы, моцная культурная інтэграцыя дапаможа перамагчы спакусу схільнасці да аднабаковых парадыгмаў і “ідэалагічнай каланізацыі”. Францішак нагадаў словы Конрада Адэнаўэра, пра тое, што будучыні Захаду не столькі пагражае палітычная напружанасць, колькі небяспека ўніфікацыі мыслення, пазбяганне адказнасці і клопат толькі пра ўласнае “я”.

Гаворачы пра важнасць вядзення дыялогу, Францішак заўважыў, што гэтаму трэба вучыць са школы. “Мір будзе трывалым настолькі, наколькі мы ўзброім нашых дзяцей зброяй дыялогу, навучым іх добраму змаганню за сустрэчу і размовы. Такім чынам мы зможам пакінуць ім у спадчыну культуру, здольную вызначаць стратэгіі не смерці, а жыцця, не выключэння, а інтэграцыі”, - лічыць ён. 

Паводле Папы, сёння патрэбныя не толькі вайсковыя ці эканамічныя кааліцыі, але культурныя, адукацыйныя, філасофскія і рэлігійныя, “якія прадэманструюць, што за многімі канфліктамі часта стаіць улада эканамічных груп”, - заўважыў ён.

Францішак заклікаў еўрапейцаў быць не толькі гледачамі, але актыўнымі ўдзельнікамі будавання інтэграванага і мірнага грамадства. І тут важна клапаціцца пра моладзь, даючы ёй працу, магчымасці і каштоўнасці. А гэта ў сваю чаргу патрабуе стварэння новых эканамічных мадэляў, якія прадугледжваюць большую інклюзіўнасць і роўнасць. 

Францішак запэўніў у падтрымцы гэтых ініцыятыў з боку Каталіцкага Касцёла, заданне якога – абвяшчасць Евангелле, выходзячы насустрач ранам людзей, несучы моцную і звычайную прысутнасць Езуса, Яго міласэрнасць, якая суцяшае і ўмацоўвае.

Папа прызнаўся, што марыць пра новы еўрапейскі гуманізм, маладую Еўропу, здольную быць маці, якая клапоціцца пра дзяцей, дапамагае бедным і патрабуючым, цэніць хворых і пажылых, дзе быць мігрантам не азначае быць злачынцам, дзе моладзь дыхае чыстым паветрам сумленнасці, любіць прыгажосць культуры і простае жыццё, дзе заключаць сужэнства і нараджаць дзяцей – гэта адказнасць і вялікая радасць, а не праблема, дзе сем’і атуляюцца клопатам і; пра Еўропу, аб якой ніхто не скажа, што яе дзейнасць на карысць правоў чалавека, была яе апошняй утопіяй.








All the contents on this site are copyrighted ©.