2016-05-05 12:21:00

Святы Айцец будзе маліцца з пакутуючымі


Папа Францішак узначаліць малітоўнае чуванне ў інтэнцыі людзей, якія перажываюць трагічныя сітуацыі і патрабуюць суцяшэння. Набажэнства “Выцерці слёзы” пройдзе вечарам 5 мая 2016 г. у базыліцы св. Пятра. 

Падчас чування прагучаць сведчанні асобаў, якія перажылі моцныя духоўныя і цялесныя выпрабаванні. Сярод іх італьянская сям’я, у якой дзіця скончыла жыццё самагубствам; пакістанскі журналіст, які на радзіме падвяргаўся пераследу за сваю каталіцкую веру і быў вымушаны эміграваць у Італію; мужчына, які адшукаў сэнс жыцця дзякуючы прыкладу веры свайго брата і малітве маці.

У рамках малітоўнага чування ў ватыканскай базыліцы будзе выстаўлены рэліквіярый са слязамі Маці Божай. Яны былі сабраны падчас цуду, які паўтараўся на працягу некалькіх дзён, з 29 жніўня па 1 верасня 1953 г., у прыватным доме ў Сіракузах на Сіцыліі ў прысутнасці мноства людзей. Слёзы ліліся з вачэй маленькай фігуркі Панны Марыі. Рэліквіярый захоўваецца ў санктуарыі Маці Божай Слёз у Сіракузах.

Прысутным на малітоўным чуванні вернікам, у якасці сімвалу суцяшэння і надзеі, будуць раздадзены медальёны “Божае Ягняці”, благаслаўлёныя папам Францішкам. Зробленыя з белага воску ў авальнай форме, на адным баку яны ўтрымліваюць выяву Пасхальнага Ягняці, а на іншым – лагатып Году Міласэрнасці. 

Выкарыстанне гэтага сімвалу ўзыходзіць да IV ст. але было задакументавана ў ІХ ст., калі архідыякан аднаго з рымскіх касцёлаў у Вялікую суботу плавіў воск, ужо выкарыстаны раней, і благаслаўляючы перамешваў яго з аллем. Затым з яго выліваліся выявы “Ягняці Божага” і ў актаву Пасхі раздаваліся вернікам. Пачынаючы з 1470 г. такія выявы выкарыстоўваліся падчас Юбілеяў. З рук папы Францішка гэты сімвал атрымаюць дзесяць асобаў. 








All the contents on this site are copyrighted ©.