2016-05-05 14:27:00

Кардынал Дзяржсакратар: дыялог – падстава любых адносін


Толькі праз дыялог можна будзе пераадолець розныя праблемы, якія стаяць сёння перад Касцёлам, і дасягнуць спакою, перакананы Дзяржсакратар Яго Святасці Папы, кардынал Пьетра Паралін. У інтэрв’ю італьянскаму часопісу „San Francesco” ён, сярод іншага, выказаўся наконт каталіцка-праваслаўнага дыялогу, адносін Святога Пасаду з Кітаем, сітуацыі на Блізкім Усходзе і праблемы бежанцаў і мігрантаў.

Кардынал выказаў вялікую радасць з-за “якаснага скачка наперад па многіх напрамках”, у тым ліку ў дыялогу з Праваслаўнай Царквой, што было здзейснена падчас цяперашняга пантыфікату. Ён адзначыў, што “дыялог неабходны, асабліва сёння, калі так шмат неразумення паміж людзьмі, цэлымі групамі і рэлігіямі”. 

У адказ на пытаньне пра адносіны Святога Пасаду з Кітаем кіраўнік ватыканскай дыпламатыі адзначыў, што гэта быў і застаецца доўгі шлях, які складаецца з розных этапаў, і канчатковы вынік якога будзе “ў дні Божыя”. Адносна Кітаю варта прыняць “тэалагічнае бачанне”, перакананы кардынал Дзяржсакратар. На яго думку, цяпер дыялог знаходзіцца ў станоўчай фазе, “з абодвух бакоў прыходзяць сігналы, якія сведчаць аб жаданні далейшых размоў і сумеснага пошуку вырашэння праблем, звязаных з прысутнасцю Каталіцкага Касцёла ў гэтай велізарнай краіне”. Іерарх выказаў асцярожны аптымізм, дадаўшы, што “перспектывы з’яўляюцца шматспадзеўнымі”.

Кардынал Паралін перакананы, што трэба вярнуцца да мірных ізраільска-палестынскіх перамоваў, але каб гэта зрабіць, патрэбны клімат даверу, якога сёння вельмі мала. Таму важна, каб кожны бок зрабіў нейкія жэсты, вядучыя да даверу. “Калі будзе давер, будзе магчыма весці перамовы”, - сказаў ватыканскі дыпламат.

Адказваючы на пытанне аб праблеме бежанцаў, кардынал Дзяржсакратар заўважыў, што міграцыя стала рэальнасцю, “структурнай рысай нашага часу”. Таму патрэбна палітыка інтэграцыі, усведамленне таго, што гэта справа кожнага, і кожны павінен шукаць адказ на гэта пытанне. “Цяжка пераканаць таго, хто баіцца, бо страх горшы дарадца”, - сказаў іерарх. На яго думку, Касцёл павінен сведчыць братэрства і блізкасць і вучыць гэтаму іншых.








All the contents on this site are copyrighted ©.