2016-05-04 15:45:00

Святы Айцец сустрэўся з міжрэлігійнай дэлегацыяй


Праца, якую вы робіце, служыць пабудове і дыялогу, сказаў Францішак да ўдзельнікаў канферэнцыі, арганізаванай сумесна Каралеўскім інстытутам міжрэлігійных даследаванняў у Амане і Папскай радай па міжрэлігійным дыялогу. Святы Айцец прыняў іх 4 мая 2016 г. у Малой зале Паўла VI у Ватыкане перад агульнай аўдыенцыяй.

Францішак выказаў радасць ад сустрэчы і нагадаў гасцям пра сваю паездку ў Іарданію два гады таму, падкрэсліўшы, што “гэта добрыя ўспаміны”, якія ён захоўвае ў сэрцы. Папа адзначыў, што праца, якую робяць удзельнікі канферэнцыі, служыць пашырэнню дабра, што асабліва важна ў наш час, калі пануе разбурэнне ад войнаў. “Гэта праца на карысць дыялога, збліжэння, што заўсёды дапамагае нам будаваць”, - растлумачыў ён.

Францішак адзначыў, што на такога роду сустрэчах ключавым слова з’яўляецца дыялог, які палягае на слове і слуханні таго, што кажа іншы. “Два словы, дзве думкі сустракаюцца”, - падкрэсліў Пантыфік. Ён адзначыў, што гэта першы этап шляху, а пасля сустрэчы слоў сустракаюцца сэрцы і, такім чынам, пачынаецца дыялог сяброўства, які заканчваецца поціскам рукі.

“Слова, сэрца, рукі. Як проста! Гэта можа зрабіць нават дзіцё. Чаму б нам не зрабіць гэтак жа?”, - спытаў Святы Айцец і дадаў: “Гэта маленькі крок на шляху да стварэння, сяброўства, грамадства”. Ён падкрэсліў, што, паколькі “ўсе мы маем агульнага Айца, з’яўляемся братамі”. “Дзякую вам, таму што вы перакананыя ў тым, што гэта добра, ісці па такім шляху, яшчэ раз вялікі дзякуй”, - сказаў на заканчэнне сустрэчы Папа і , як звычайна, папрасіў сваіх гасцей маліцца за яго, абяцаючы ім, што ён будзе маліцца за іх.








All the contents on this site are copyrighted ©.