2016-05-04 12:53:00

Папа прыме на прыватнай аўдыенцыі Ангелу Меркель


Францішак прыме 6 мая 2016 г. на прыватнай аўдыенцыі ў Ватыкане Канцлера Германіі Ангелу Меркель. Палітык прыбудзе для ўдзелу ва ўрачыстасцях уручэння Пантыфіку Міжнароднай прэміі імя Карла Вялікага. Цырымонія пройдзе ў той жа дзень у Каралеўскім зале ватыканскага Апостальскага палаца.

Гэта будзе чацвёртая сустрэча паміж Францішкам і Меркель і трэцяя ў фармаце прыватнай аўдыенцыі. Апошні раз Меркель была ў Ватыкане ў лютым 2015 г. і правяла з Папам 40-хвілінную размову. Першая іх сустрэча адбылася ў маі 2013 г. Перад гэтым, у сакавіку 2013 г., нямецкі лідэр прыняла ўдзел у інаўгурацыі новага пантыфікату.

Францішак нядаўна з сімпатыяй выказаўся пра Ангелу Меркель падчас размовы з журналістамі на борце самалёта па дарозе з Рыму ў Гавану. “Я паважаю яе і вельмі цаню”, - сказаў ён тады і дадаў, што Меркель – гэта “асоба добрай волі”, за якую ён моліцца.

Таксама 6 мая Папа прыме на прыватнай аўдыенцыі трох кіраўнікоў вышэйшых органаў ЕС: старшыню Еўракамісіі Жан-Клода Юнкера, старшыню Еўрапейскага савета Дональда Туска і старшыню Еўрапарламента Марціна Шульца.








All the contents on this site are copyrighted ©.