2016-05-04 13:44:00

Адбылася прэзентацыя ватыканскага часопіса для жанчын


У Ватыкане адбылася прэзентацыя ілюстраванага часопіса для каталіцкіх жанчын. Яго асновай стаў штомесячны дадатак “Жанчына-Касцёл-свет” да ватыканскай газеты “L’Osservatore Romano”, які выходзіў з 2012 г. 

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы, кардынал Пьетра Паралін, які ўзяў удзел у прэзентацыі 3 мая 2016 г., падкрэсліў, што новае выданне з’яўляецца “плёнам добрай звычкі слухаць тое, што хочуць сказаць жанчыны”, дадаўшы, што “Касцёл страціць шмат, калі не будзе слухаць іх голас”.

Часопіс “Жанчына-Касцёл-свет” будзе мець аб’ём 40 старонак і наклад 18-20 тыс. асобнікаў. Тэмы, якія ўздымаліся да гэтага часу будуць дапоўнены раздзелам “Жанчына і мастацтва” і рубрыкай на тэму Бібліі. Іх будуць весці законніцы з вядомага сваёй экуменічнай прыхільнасцю пратэстанцкага кляштару ў Бозэ на поўначы Італіі. Тэмай першага нумара стала “Звеставанне Марыі”.

Прысутны на прэзентацыі галоўны рэдактар “L’Osservatore Romano” Джавані Марыя Віян паведаміў, што новы часопіс будзе фінансавацца часткова за кошт рэкламы італьянскай пошты, а распаўсюджвацца разам з ватыканскай газетай. Ён нагадаў, што да стварэння асобнага “жаночага” часопіса заахвоціў Бэнэдыкт XVI, які лічыў, што жанчыны павінны больш прысутнічаць у сродках масавай інфармацыі.

Галоўны рэдактар новага выдання, італьянскі гісторык Лучэта Скарафія падкрэсліла, што жанчыны глядзяць на Касцёл па-рознаму, таму ў выданні будзе месца для крытычных дыскусій, якія, аднак, на першы план будуць ставіць станоўчыя рэчы. Скарафія пацвердзіла, што ўжо папрасіла інтэрв’ю ў папы Францішка, але пакуль не атрымала адказу.








All the contents on this site are copyrighted ©.