2016-05-03 14:48:00

Францішак: адзіны слушны шлях – гэта Хрыстус


Езус – гэта “слушны шлях” хрысціянскага жыцця, сказаў папа Францішак 3 мая 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Пантыфік заўважыў, што жыццё верай – гэта шлях, на якім сустракаюцца розныя хрысціяне: “хрысціяне-муміі”, “хрысціяне-валацугі”, “цвердалобыя хрысціяне”, а таксама хрысціяне, якія спыняюцца на палове шляху. 

Паводле Святога Айца, усе гэтыя людзі забыліся, што адзіным “слушным шляхам” з’ўляецца Езус Хрыстус, пра што Ён сам кажа на старонках Евангелля: “Я – дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне” (Ян 14, 6).

Гаворачы пра існуючыя “тыпы” хрысціян, Папа, у першую чаргу, звярнуў увагу на тых, “якія не рухаюцца наперад”. Такія вернікі не развіваюцца ў хрысціянскім жыцці, не даюць евангельскім благаслаўленням заквітнець у сваім жыцці, не робяць учынкаў міласэрнасці: застаюцца нерухомымі. “Прабачце за параўнанне, але яны нібыта муміі, духоўныя муміі. Яны не робяць ні кепска, ні добра”, - заўважыў Святы Айцец. 

Іншую катэгорыю вернікаў Пантыфік параўнаў з валацугамі, жыццё якіх – пастаяннае перамяшчэнне. Яны не набліжаюцца да Езуса, але пастаянна губляюць дарогу, бо не маюць компасу, каб выйсці з жыццёвага лабірынту. 

Паводле Францішка, бываюць таксама цвердалобыя хрысціяне. Згубіць дарогу, гэта яшчэ палова бяды. Трагедыя, калі чалавек застаецца перакананым у правільнасці выбранага шляху і не прыслухоўваецца да голасу Бога, Які кажа адваротнае, лічыць Пантыфік.

Ёсць таксама хрысціяне, якія спыняюцца на палове шляху, захапляючыся той ці іншай ідэяй, нібыта цудоўным краявідам, і пускаюць свае карані на тым месцы, не ідучы наперад.

Папа заклікаў вернікаў паразважаць над сваім жыццём і спытаць сябе, ці крочаць яны “слушным шляхам”, якім з’яўляецца Езус Хрыстус.








All the contents on this site are copyrighted ©.