2016-05-02 15:48:00

Францішак: манаскае пакліканне – гэта і дар, і адказнасць


Пасланец Божы ведае, як ісці на ўскраіны беднасці “свабодным ад багажу”, таму што “Дух – гэта лёгкі вецер”, Той, хто дае сілу для місіі евангелізацыі. Гэта адна з думак, якую папа Францішак скіраваў 2 мая 2016 г. у адрас дэлегацыі Ордэну Найсвяцейшай Панны Міласэрнай, якіх прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане з нагоды 800-годдзя занавання.
 
Пантыфік заклікаў законнікаў глядзець на мінулае не толькі, каб узгадаць слаўныя старонкі, але ўзяць на сябе мужнасць і натхненне, каб зразумець, “якімі шляхамі ішла харызма” Ордэну – ці заўсёды правільнымі. Памяць пра мінулае, на думку Папы, павінна дапамчы ацаніць поспехі і няўдачы і, перш за ўсё, адказаць на выклікі, якія стаяць перад чалавецтвам. Сапраўднае жыццё Ордэна – гэта бесперапынныя намаганні яго членаў па абнаўленні, шчодры адказ на рэальныя патрэбы свету і Касцёла, застаючыся пры гэтым паслядоўнымі захавальнікамі шматгадовай спадчыны.

Манаскае пакліканне – гэта і дар, і адказнасць, нагадаў Францішак, вера не столькі ва ўласныя сілы, колькі ў Божую ласку, будаванне жыцця на чуйнасці, настойлівасці ў малітве і клопаце пра ўнутранае жыццё. Толькі ў “гэтым духу” можна служыць бедным, маргіналізаваным, выключаным з грамадства, суцяшаць іх і пакутаваць з імі. 

Францішак нагадаў, што дапамогі Ордэна чакаюць асобы, якіх пераследуюць за веру, зняволеныя, ахвяры гандлю людзьмі і школьная моладзь. Усе яны маюць патрэбу ў справах міласэрнасці з боку Касцёла.

Мерседарыі, так гучыць скарочаная назва Ордэну Найсвяцейшай Панны Міласэрнай для выкупу нявольнікаў, гэта каталіцкі манаскі ордэн, заснаваны ў св. Пятром Наласка. Яго галоўнай мэтай быў выкуп з мусульманскага палону хрысціян. Назва паходзіць ад іспанскага слова “merced” – міласэрнасць.








All the contents on this site are copyrighted ©.