2016-04-30 14:33:00

Францішак прызначыў нунцыя ў Казахстане і Таджыкістане


Святы Айцец прызначыў арцыбіскупа індыйскага паходжання Фрэнсіса Чуліката сваім дыпламатычным прадстаўніком у Казахстане і Таджыкістане. Ён змяніў на гэтай пасадзе іспанца – арцыбіскупа Мігеля Маўры, які 5 снежня 2015 г. быў прызначаны Апостальскім нунцыем у Румыніі.

Арцыбіскуп Чулікат нарадзіўся 20 сакавіка 1953 г. у Балгаці ў Індыі, атрымаў святарскае пасвячэнне ў 1978 г. Абараніў доктарскую ступень у галіне кананічнага права. У дыпламатычнай службе Апостальскай Сталіцы ён працуе з 1988 г. Сваё служэнне нёс у Гандурасе, Паўднёвай Афрыцы, на Філіпінах, у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку, секцыі па адносінах з дзяржавамі Дзяржсакратарыята Святога Пасаду. 29 красавіка 2006 г. быў прызначаны Апостальскім нунцыем у Іраку і Іарданіі, 17 ліпеня 2010 г. – пастаянным прадстаўніком Апостальскай Сталіцы ў штаб-кватэры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку. Гэтую пасаду ён займаў да 1 ліпеня 2014 г. У дадатак да англійскай і італьянскай, ён ведае французскую і іспанскую мовы.








All the contents on this site are copyrighted ©.