Пантыфік правёў 30 красавіка 2016 г. пятую пазачарговую агульную аўдыенцыю, прымеркаваную да Года Міласэрнасці. Ён прысвяціў яе прымірэнню, як важнаму аспекту Божай міласэрнасці. Аўдыенцыя была таксама прысвечана Юбілею узброеных сіл і паліцыі. Папу на плошчы св. Пятра слухалі каля 60 тыс. вернікаў.
“Бог ніколі не адмаўляўся даць людзям сваё прабачэнне. Часта мы лічым, што нашы грахі аддаляюць нас ад Пана: на самой справе робячы грахі мы адыходзім ад Яго, але Ён, бачачы небяспеку, якая нам пагражае, тым больш выходзіць шукаць нас”, - адзначыў Францішак.
“Бог ніколі не пагаджаецца з магчымасцю, каб чалавек заставаўся чужым для Яго любові, аднак пры ўмове, што знойдзе ў ім знак пакаяння па прычыне таго зла, якое зрабіў. Мы не можам прымірыцца з Богам толькі дзякуючы сваім уласным сілам. Грэх сапраўды з’яўляецца выразам адмовы ад Яго любові, а яго следства, гэта закрытасць у самім сабе, памылковае меркаванне, што такім чынам мы можам знайсці большую свабоду і аўтаномію. Але, будучы далёка ад Бога, мы губляем мэту, і замест таго, каб быць пілігрымамі ў гэтым свеце, становімся “блукаючымі”, - сказаў Папа.
Грэшнік бачыць толькі сябе і, такім чынам, уяўляе сабе, што ён самадастатковы, заўважыў Пантыфік, такім чынам, грэх заўсёды павялічвае адлегласць паміж чалавекам і Богам, і гэта можа перарасці ў прорву. Таму Езус прыходзіць да нас як добры пастыр, які не спыніцца, пакуль не знойдзе страчаную авечку. Ён наладжвае мост, які злучае нас з Айцом, і дазваляе нам адкрыць годнасць дзяцей, падкрэсліў Францішак.
“Дазволім жа прымірыцца з Богам. Юбілей Міласэрнасці, гэта час прымірэння для ўсіх. Многія людзі хочуць паяднацца з Богам, але не ведаюць, як гэта зрабіць, або не адчуваюць сябе годным ці не хочуць прызнацца сабе ў гэтым. Хрысціянская супольнасць можа і павінна спрыяць шчыраму вяртанню да Бога тых, хто пакутуе ад смагі па Ім. Асабліва тыя, хто ажыццяўляе “служэнне паяднання” закліканы быць паслухмянымі інструментамі Святога Духа. (…) Няхай ніхто не застаецца ў баку ад Бога з-за перашкод, учыненых людзьмі! Гэта асабліва датчыць спаведнікоў”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Пантыфік заклікаў святароў падчас сакрамэнту споведзі “не ставіць перашкод перад людзьмі, якія хочуць паяднацца з Богам”. Спавяднік павінен быць айцом, бо “займае месца Бога Айца”, выказаў перакананне Папа. Ён павінен прыняць чалавека сардэчна і дапамагчы яму на дарозе да прымірэння. Францішак выказаў спадзяванне, што Год Міласэрнасці стане часам адкрыцця патрэбы ў любові і блізкасці Айца і навяртання да Яго ўсім сэрцам.
Папа лічыць, што досвед “дазваляе выявіць патрэбу ў іншых формах прымірэння” з Богам: у сем’ях, у адносінах, у касцёльных супольнасцях, а таксама ў грамадскіх і міжнародных адносінах. Пантыфік прызнаўся, што пачуў ад некага, што “ў свеце больш ворагаў, чым сяброў” і з жалем прызнаў яму рацыю. “Колькі братоў пасварыліся і працягваюць спрэчкі толькі з-за спадчыны. Але гэта не правільна. Бягучы год – гэта час прымірэння з Богам і паміж сабой. Прымірэнне – гэта фактычна таксама служэнне міру, прызнанню асноўных правоў чалавека, салідарнасці і гасціннасць адносна ўсіх”, - падкрэсліў Францішак.
Ён заклікаў вернікаў “прыняць запрашэнне да прымірэння з Богам, каб стаць новым стварэннем і магчы выпраменьваць Яго міласэрнасць паміж братамі, паміж людзьмі”.
All the contents on this site are copyrighted ©. |