2016-04-29 13:57:00

Пантыфік: людзям з рэдкімі захворваннямі патрэбна ўвага


“Мы закліканы ўзвесці праблему рэдкіх захворванняў на сусветны ўзровень, інвеставаць у адукацыю, павялічваць рэсурсы на навуковыя даследванні, ажыццяўляць змены ў заканадаўстве і эканамічнай сістэме, якія б ставілі ў цэнтры чалавечую асобу”, - сказаў папа Францішак 29 красавіка 2016 г. падчас сустрэчы з удзельнікамі канферэнцыі “Прагрэс рэгенератыўнай медыцыны і яе ўплыў на культуру”, суарганізатарам якой выступіла Папская рада па культуры.

Францішак адзначыў, што важна павышаць сярод людзей узровень эмпатыі ў адносінах да тых, хто пакутуе ад рэдкіх захворванняў. Часта немагчыма аператыўна прапанаваць спосаб барацьбы са складанымі паталогіямі, аднак заўсёды можна адказаць з клапатлівасцю людзям з захворваннямі, якія нярэдка адчуваюць сябе пакінутымі. “Чалавечая спагадлівасць павінна быць універсальнай і не залежаць ад веравызнання, сацыяльнага статусу ці культурнага асяроддзя”, - дадаў Святы Айцец.

Папа перакананы, што сёння, як ніколі раней, адчуваецца патрэба ў адукацыі і забеспячэнні ўзаемасувязі навук, асабліва ў сферы медыцыны. Пры гэтым ў аснове павінен заўсёды заставацца этычны аспект. Увагу да пытанняў маралі Святы Айцец назваў “інструментам абароны жыцця і чалавечай годнасці”. Адукацыйная і даследчая дзейнасць павінны служыць высокім каштоўнасцям – салідарнасці, шчырасці, бескарыслівасці, узаемаабмену ведамі, павазе да чалавечага жыцця і братняй любові.

Нарэшце, Святы Айцец падкрэсліў неабходнасць супрацьстаяць “эканоміцы выключэння і несправядлівасці”, якая толькі павялічвае колькасць ахвяр, калі жаданне атрымаць прыбытак становіцца дамінуючым адносна каштоўнасці чалавечага жыцця. “Па гэтай прычыне глабалізацыю абыякавасці трэба супрацьстаўляць глабалізацыі эмпатыі”, - заключыў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.