2016-04-28 12:37:00

Папа: таксама і ў Касцёле ёсць супраціў Святому Духу


Як і раней, у Касцёле існуе супраціў Святому Духу, заўважыў папа Францішак 28 красавіка 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Пантыфік спаслаўся на апавяданне з Дзеяў Апосталаў аб так званым “Ерузалемскім Саборы” (Дз 15, 7-21). 

На ім выявіўся падвойны супраціў Святому Духу: з боку тых, хто лічыў, што Езус прыйшоў толькі для выбранага народу, і тых, хто хацеў навязаць язычнікам, якія навярнуліся, закон Майсея, уключаючы абразанне.

Каб вырашыць гэта пытанне, вучні Хрыста сабраліся разам у Ерузалеме. Апосталы апынуліся ў новай сітуацыі, пра якую раней нават не думалі. Таму паміж імі “паўстала вялікая спрэчка”. Паводле Францішка, гэта Святы Дух такім чынам вёў Касцёл наперад – насустрач таму, што раней нават не ўяўлялася.

Адной з цэнтральных тэм дыскусіі было пытанне аб сыходжанні Святога Духа на язычнікаў. Кожны з удзельнікаў сходу меў магчымасць выказацца і прадставіць свае аргументы. Евангелле кажа: “Замоўклі ўсе сабраныя і слухалі апавяданне Барнабы і Паўла пра тое, як шмат знакаў і цудаў учыніў Бог праз іх сярод язычнікаў”. “Слухаць! Не баяцца слухаць! Калі нехта баіцца слухаць, не мае Духа ў сэрцы”, - падкрэсліў Пантыфік.

У выніку было вырашана вызваліць навернутых язычнікаў ад абавязку абразання. Вучні накіравалі да іх пасланнікаў з лістом, “аўтарам якога быў Святы Дух”. Яны так і напісалі: “Дух Святы і мы пастанавілі”, нагадаў Папа.
Такім, паводле яго, павінен быць шлях Касцёла перад “неспадзяванкамі Духа”: шлях сустрэчы, слухання, дыскусіі, малітвы і канчатковага рашэння.

“Гэта шлях Касцёла да сённяшняга дня. І калі Дух нас здзіўляе чымсьці, што здаецца новым або, што “не рабілася ніколі раней”, падумайма пра Другі Ватыканскі Сабор, пра супраціў з якім ён сутыкнуўся. (...) Таксама і сёння супраціў працягвае існаваць у той ці іншай форме, а Святы Дух вядзе наперад”, - падкрэсліў Пантыфік і заклікаў быць паслухмянымі Святому Духу і адважна крочыць па шляху Езуса.








All the contents on this site are copyrighted ©.