2016-04-26 13:46:00

Апостальская Сталіца прыпыніла аўдыт фінансаў


Апостальская Сталіца прыпыніла аўдыт ватыканскай фінансавай сістэмы, які праводзіўся кампаніяй “PricewaterhouseCoopers”. Аб гэтым гаворыцца ў спецыяльным паведамленні, апублікаваным 26 красавіка 2016 г. Залай Друку Святога Пасаду.

“Прыпыненне праверкі не выклікана сумнівамі адносна ўсеахопнасці або якасці працы, пачатай “PricewaterhouseCoopers” і тым больш не жаданнем адной ці некалькіх структур Святога Пасаду блакіраваць правядзенне рэформ. Аднак з’явіліся элементы, якія тычацца значэння і разумення некаторых умоваў кантракту і спосабаў яго выканання. Гэтыя элементы павінны быць падвергнуты неабходнай канкрэтызацыі”, - гаворыцца ў паведамленні.

Рашэнне было прынята пасля кансультацый з кампетэнтымі структурамі і экспертамі. Апостальская Сталіца выказвае пажаданне, што перыяд вывучэння элементаў кантракту зможа прайсці ў атмасферы спакою і супрацоўніцтва. “Правядзенне належнай эканоміка-фінансавай праверкі для Святога Пасаду і Дзяржавы Ватыкан застаецца прыярытэтным”, - адзначаецца ў паведамленні.

Аб правядзенні аўдыту ватыканскай фінансавай сістэмы з дапамогай знешняй кампаніі, якой стала “PricewaterhouseCoopers”, было аб’яўлена ў снежні 2015 г. Аўдыт быў прызначаны ў рамках ўвядзення новай фінансавай стратэгіі і практыкі кіравання, а таксама яе прывядзення да адпаведнасці міжнародным стандартам.

“PricewaterhouseCoopers” – гэта брытанская міжнародная сетка кампаній, якая прапануе паслугі ў галіне кансалтынгу і аўдыту. Яна ўваходзіць у так званую “вялікую чацвёрку” аўдытарскіх кампаній. 








All the contents on this site are copyrighted ©.