2016-04-25 10:32:00

Францішак прыняў удзел у святкаванні Дня Зямлі


24 красавіка 2016 г. папа Францішак нечакана з’явіўся на святкаванні Міжнароднага дня Зямлі, якое праходзіла ў рымскім парку “Віла Баргезэ”. Пантыфік быў запрошаны на яго за свой значны ўклад у абарону навакольнага асяроддзя.

Пасля таго, як былі выслуханы некаторыя сведчанні, Святы Айцец уручыў арганізатарам падзеі тэкст выступлення, з якім планаваў звярнуцца, і падзяліўся з прысутнымі некаторымі разважаннямі.

Ён прызнаўся, што мае перад вачыма два вобразы: пустыні і лесу. Звяртаючыся да членаў руху “Факаляры”, Святы Айцец падкрэсліў, што іх праца з’яўляецца менавіта ператварэннем пустыні ў лес: пустыні, якая прысутнічае ў жыцці мноства людзей, якая па прычыне існавання шматлікіх забабонаў і страхаў ахапіла мноства гарадоў.

У дасягненні гэтай мэты Францішак параіў не баяцца канфліктаў і не адварочвацца ад іх. Ён заўважыў, што канфлікты заўсёды звязаны, як з рызыкамі, так і магчымасцямі. “Мы не павінны баяцца ісці туды, дзе пустыня, каб перамяніць яе ў лес, каб несці жыццё, выціраць слёзы і ўсміхацца”, - сказаў Папа.  

Паводле слоў Святога Айца, гледзячы на твары людзей на вуліцах, часта можа заўважыць смутак, адсутнасць чуласці і асабліва “грамадзянскага сяброўства” – недахоп у якім выклікае нянавісць і войны. Францішак заклікаў пашыраць такое сяброўства праз бескарыслівыя ўчынкі, спорт, мастацтва, прабыванне разам з іншымі людзьмі, радасць, наданне цэнтральнага месца чалавечай асобе, а не грошам, а таксама праз прабачэнне, паколькі яно аддаляе смутак.

Напрыканцы сваёй імправізаванай прамовы Папа заклікаў усіх да супрацоўніцтва на карысць абароны чалавека, каб мець магчымасць убачыць цуд ператварэння пустыні ў лес.

Арганізатарамі святкавання Міжнароднага дня Зямлі ў Вечным горадзе выступілі экалагічныя арганізацыі: “EarthDayItalia” і “Connect4Climate”, каталіцкі рух “Факаляры”, а таксама рымская гарадская адміністрацыя. 








All the contents on this site are copyrighted ©.