2016-04-23 12:23:00

Ватыканскі іерарх: адгартацыя пра сям'ю – прароцкая


Мы павінны лячыць раны, а не толькі быць трыбуналам, адзначыў старшыня Папскай рады па справах сям’і, арцыбіскуп Вінчэнца Палья, каментуючы Апостальскую адгартацыю Святога Айца “Amoris laetitia”. Паводле ватыканскага іерарха, гэты тэкст прароцкім чынам адкрывае новыя перспектывы.

Сям’я не тычыцца толькі асобных людзей і іх прагнення любові. Тэкст кажа пра сямейнае вымярэнне ў стварэнні, гісторыі, грамадстве. “Касцёл – гэта сям’я. Народы павінны быць сям’ёй. Жыццё сем’яў не можа быць для Касцёла перш за ўсё зборам маральных пытанняў. Сям’я павінна быць крыніцай жывой веры”, - сказаў арцыбіскуп Палья.

Кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі заўважыў, што сем’і не з’яўляюцца “падданымі” Касцёла, а яго дзецьмі, сярод якіх ён жыве, з якім адказвае на цяжкасці штодзённага жыцця. Іерарх падкрэсліў, што не ўсе сітуацыі, якія здараюцца ў сям’і аднолькавыя. “Калі пакінутая мужам жанчына з дзецьмі сустракае мужчыну, якога пакахае, з якім створыць трывалы саюз, у якім, магчыма, з’явяцца чарговыя дзеці – як мы можам такія адносіны называць выключна чужалоствам?”, - рытарычна спытаў ён і дадаў: “Мы павінны лячыць раны, а не быць бязлітасным трыбуналам. Сужэнства застаецца непарыўным і не ўводзяцца нормы, згодна з якімі разведзеныя могуць прыступаць да Камуніі. Аднак тэкст кажа пра ўнутраны “форум”, рахунак сумлення, шляхі пакуты, любові да бедных, праніклівасці”.

Арцыбіскуп Палья прызнаўся, што нядаўна размаўляў са Святым Айцом пра сямейныя сітуацыі. Ён сцвердзіў, што па прыкладзе Езуса мы павінны выйсці за агароджу і шукаць згубленых авечак, у тым ліку разведзеных, якія жывуць у новых несакрамэнтальных саюзах. Францішак, аднак, яго паправіў: выходзіць трэба, але яны не за “агароджай” Касцёла – яны не экскамунікаваныя. 
“Тым, каго гэты дакумент напаўняе хваляваннямі, як занадта рэвалюцыйны, я паўтару словы Яна ХХІІІ: “Гэта не Евангелле змяняецца, гэта мы яго лепш разумеем”, - падкрэсліў старшыня Папскай рады па справах сям’і. 








All the contents on this site are copyrighted ©.