2016-04-22 12:16:00

Папа: хрысціянін не можа не абвяшчаць Хрыста


Прапаведванне, заступніцтва і надзея павінны быць адметнымі рысамі жыцця кожнага хрысціяніна, перакананы папа Францішак. Падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 22 красавіка 2016 г. Святы Айцец нагадаў, што Хрыстус, памерлы і ўваскрослы дзеля збаўлення людзей, павінен быць у цэнтры хрысціянскага прапаведвання.

Пантыфік нагадаў, як апосталы абвяшчалі юдэям і язычнікам уваскрасенне Хрыста нават коштам уласнага жыцця. І калі ім забаранялі гэта рабіць, яны з адвагай і прастатой казалі: “Мы не можам замоўчваць тое, што бачылі і чулі”. Таксама і сучасныя вернікі, умацаваныя Святым Духам, пакліканы сведчыць, што “Хрыстус жыве, Хрыстус уваскрос, Хрыстус сярод нас, суправаджае нас у дарозе!”, сказаў Папа.

Іншым вымярэннем хрысціянскага жыцця, паводле Францішка, павінна быць заступніцтва. Ён заклікаў браць прыклад з Езуса, які няспынна моліцца за кожнага чалавека. “А як Ён моліцца? Я думаю, што Езус паказвае раны Айцу, паколькі раны Ён узяў з сабой, пасля ўваскрасення: Ён паказвае Айцу раны і называе кожнага з нас”, - сказаў Папа.

Яшчэ адной рысай хрысціяніна, на думку Пантыфіка, павінна быць надзея: “Хрысціянін – гэта чалавек надзеі, які спадзяецца на вяртанне Папа”. 

Напрыканцы гаміліі Святы Айцец яшчэ раз заклікаў кожнага спытаць сябе аб стане ўласнай веры: ці верым у прапаведванне? Ці верым у заступніцтва? Ці з’яўляемся людзьмі надзеі?








All the contents on this site are copyrighted ©.