2016-04-21 13:59:00

Францішак павіншаваў рымскіх юдэяў са святам Песах


21 красавіка 2016 г. папа Францішак павіншаваў юдэйскую супольнасць Рыма са святам Песах – галоўным юдэйскім святам, якое адзначаецца ў памяць аб зыходзе ізраільскага народу з егіпецкага палону. Святкаванне сёлета пачнецца 22 красавіка і па-традыцыі будзе працягвацца восем дзён.

Свае віншаванні Пантыфік скіраваў на імя галоўнага рабіна Рыма Рыкарда Дзі Сэньі. “З абноўленай удзячнасцю ўзгадваючы аб нашай сустрэчы, якая адбылася 17 студзеня, калі я быў сардэчна прыняты Вамі і юдэйскай супольнасцю ў Вялікай сінагозе, хачу выказаць самыя шчырыя віншаванні з нагоды свята Песах. Яно нагадвае, што Усемагутны Бог вызваліў свой умілаваны народ з рабства і прывёў у абяцаную зямлю. Няхай Ён вас суправаджае таксама і сёння праз дастатак у сваіх благаслаўленнях, бароніць вашу супольнасці і ў сваёй міласэрнасці адорыць кожнага супакоем”, - пажадаў Святы Айцец.

Папа папрасіў маліцца за яго, а таксама запэўніў у сваёй малітве. “Няхай Пан дазволіць нам усё больш узрастаць у сяброўстве”, - напісаў Францішак напрыканцы віншавальнай тэлеграмы.








All the contents on this site are copyrighted ©.