2016-04-21 15:25:00

Святы Пасад: павага да іншых рэлігій пачынаецца са школы


Прадстаўнік Апостальская Сталіцы прыняў удзел у Сустрэчы на высокім узроўні прысвечанай Дваццацігоддзю Гаагскіх рэкамендацый аб правах нацыянальных меншасцяў на адукацыю. Падзея прайшла 20-21 красавіка 2016 г. у Гаазе па ініцыятыве Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.

Кс. Януш Катлярчык падкрэсліў, што выхаванне, асабліва школьнае, з’яўляецца фундаментальным “для падтрымкі рэлігійнай талерантнасці і недыскрымінацыі, паколькі тычыцца каранёў феномену”. Менавіта ў навучальных установах асобы павінны вучыцца адносінам з прадстаўнікамі іншых рэлігій. Школы пакліканы тлумачыць адметнасці паміж веравызнаннямі і дазваляць навучэнцам “ясна і свабодна дэманстраваць і выражаваць” сваю веру. Знаёмства з іншымі рэлігіямі “можа паменшыць непаразуменні і стэрэатыпы”.

Адукацыйныя праграмы павінны садзейнічаць большаму знаёмству, павазе да розных культур, народаў і рэлігій, вучыць павазе да правоў чалавека і фундаментальных свабодаў, а таксама грунтавацца на найвышэйшых каштоўнасцях, сярод якіх “годнасць кожнага чалавека і салідарнасць паміж людзьмі”, падкрэсліў прадстаўнік Святога Пасаду.

Дыпламат заклікаў краіны-члены АБСЕ “паважаць права бацькоў на рэлігійнае і этычнае выхаванне сваіх дзяцей, згодна з уласнымі перакананнямі”, гарантаванае Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека. Навучанне ў публічных школах не можа навязваць пэўных вучэнняў, а вучні не павінны прымушацца наведваць заняткі “несумяшчальныя з перакананнямі іх бацькоў”. Ім павінны стварацца альтэрнатывы.

Згодна з пазіцыяй Каталіцкага Касцёла асобы ўсіх рас, нацыянальнасцяў, веравызнанняў, полаў і ўзростаў, маюць неад’емнае права на адукацыю адпаведную іх лёсу, якая павінна спрыяць братэрскім адносінам дзеля будавання стабільных мультыэтнічных грамадстваў і сапраўднага адзніства і міру.

Паводле прадстаўніка ватыканскай дыпламатыі, юнакі і дзяўчаты, выхаваныя ў павазе да нацыянальных і рэлігійных меншасцяў сёння, будуць “цаглінамі” у будаванні мірных грамадстваў будучыні. 








All the contents on this site are copyrighted ©.