2016-04-21 11:51:00

Пантыфік пра важнасць памяці ў духоўным жыцці


Умацаваць на шляху веры можа памяць пра тое, як Бог аб’явіўся ў нашым жыцці, сказаў папа Францішак 21 красавіка 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане.

Пантыфік спаслаўся на ўрывак з кнігі Дзеяў Апосталаў, у якім Павел увайшоў у сінагогу і пачаў прапаведваць, апавядаючы пра гісторыю збаўлення ад Абрагама і Майсея аж да прыйсця Езуса Хрыста. Такое “гістарычнае прапаведванне” апосталаў з’яўляецца фундаментальна важным, паколькі дазваляе ўзгадаць пра знакі Божай прысутнасці ў жыцці чалавека, лічыць Папа.

Каштоўнай, на яго думку, з’яўляецца таксама памяць аб асабістай гісторыі, паколькі “кожны з нас прайшоў пэўным шляхам, у суправаджэнні Бога, блізка з Богам” або “аддаляючыся ад Яго”. “Для сэрца хрысціяніна будзе карысна ўзгадаць аб сваім шляху, аб уласнай дарозе: аб тым, як Пан яго прывёў сюды, як вёў за руку. А таксама пра тое, як ён казаў Пану: “Не! Адыйдзі! Не хачу!”, - сказаў Папа. 

Памяць пра адносіны з Богам, на думку Святога Айца, вядзе да новай сустрэчы з Ім – сустрэчы ўдзячнасці. “Памяць, набліжае да Бога. Гэта памяць пра тое, што Бог учыніў у нас, праз пераўтварэнне, праз адраджэнне, якое вядзе далей за старыжытнае ззянне, якое меў Адам падчас першага стварэння”, - сказаў Пантыфік.

Напрыканцы сваёй гаміліі Папа пажадаў памятаць пра цудоўныя і вялікія справы, якія Бог учыніў у жыцці кожнага з нас.








All the contents on this site are copyrighted ©.