2016-04-20 15:42:00

Папа пра сувязь паміж верай, любоўю і ўдзячнасцю


Папа Францішак нагадаў пра сувязь паміж верай, любоўю і ўдзячнасцю. Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 20 красавіка 2016 г. Пантыфік пахіліўся над апавяданнем з Евангелля паводле св. Лукі пра візіт Езуса ў дом фарысея Сымона (7, 36-50). Калі яны спажывалі ежу, увайшла жанчына, якая была грэшніцай у горадзе, і плачучы пачала абліваць ногі Хрыста слязьмі і валасамі выцірала іх і намашчвала мірам.

“Вылучаецца кантраст паміж гэтымі двума асобамі: Сымонам – дбайным служыцелем Закону і гэтай невядомай грэшніцай. У той час як першы судзіў пра іншых на падставе сваіх меркаванняў, другая, праз свае жэсты, з шчырасцю выражала сваё сэрца. Сымон, нягледзячы на тое, што запрасіў Езуса, не хацеў кампраметаваць сябе і звязазаць жыццё з Настаўнікам. Жанчына, наадварот, цалкам даверылася Яму, з любоўю і пашанай”, - заўважыў Папа .

Фарысей не разумеў паводзінаў Хрыста. Яму здавалася, што Ён павінен быў распазнаць у гэтай жанчыне грэшніцу і трымаць яе на адлегласці, нібыта яна была пракажоннай. Паводле Францішка, такія паводзіны ўласцівы пэўнаму разуменню рэлігіі.  

“Але Божае слова вучыць нас адрозніваць грэх ад грэшніка: з грахом нельга ісці на кампрамісы, у той час як грэшнікі – гэта значыць усе мы – з’яўляемся нібыта хворымі, а каб вылечыцца, павіны прызнаць, што маем патрэбу ў лекары”, - сказаў Святы Айцец.

Езус устаў на бок грэшніцы, паколькі быў свабодным ад прадузятасцяў, якія перашкаджаюць міласэрнасці выразіць сябе. Езус – свабодны, таму што блізкі да Бога, які міласэрны. Больш за тое, уваходзячы ў адносіны з грэшніцай, Ён паклаў канец таму стану ізаляцыі, на які яе асуджаў безлітасны вырак фарысея і яго суайчаннікаў.

“Цяпер жанчына магла “ісці ў спакоі”. Пан бачыў шчырасць яе веры і навяртання, таму аб’явіў перад усімі: “Вера твая ўратавала цябе”. З аднаго боку крывадушнасць настаўніка Закону, а з іншага – шчырасць, пакора і вера гэтай жанчыны. Усе мы грэшнікі, але часта паддаемся спакусе крывадушнасці, суджэння, што мы лепшыя за іншых”, - сказаў Папа.

Навяртанне грэшніцы, паводле слоў Святога Айца, адбылося на вачах усіх і яно дэманструе, што ў Езусе ззяе моц Божай міласэрнасці, здольнай перамяняць сэрцы.

“Грэшніца вучыць нас сувязі паміж верай, любоўю і ўдзячнасцю. Ёй былі дараваны “многія” грахі, таму яна вельмі любіла: “А каму мала даруецца, той мала любіць”. Нават Сымон павінен быў прызнаць, што той, каму шмат даравана, любіць больш. Бог атуліў усіх у той жа таямніцы міласэрнасці; і з гэтай любові, якая заўсёды нас апярэджвае, мы ўсе вучымся любіць. Як нагадвае св. Павел: “У Ім мы маем адкупленне Ягонаю Крывёю, дараванне правінаў паводле багацця ласкі Ягонай, якою шчодра адарыў нас ва ўсялякай мудрасці і разуменні” (Эф 1,7-8). У гэтым тэксце слова “ласка” з’яўляецца практычна сінонімам міласэрнасці. Яна называецца “шчодрай”, гэта значыць, што пераўзыходзіць усе нашы чаканні, паколькі рэалізуе збаўчую задуму Бога ў адносінах да кожнага з нас”, - падкрэсліў Пантыфік.

На заканчэнне сваёй катэхезы Францішак заклікаў вернікаў умацоўвацца і сілкавацца Божай любоўю і параіў адараць ёю братоў, каб паўсюль перадавалася міласэрнасць Пана.








All the contents on this site are copyrighted ©.