2016-04-19 12:15:00

Святы Айцец пра драму закрытых сэрцаў


Хрысціянін, які не дазваляе Айцу прыцягнуць сябе да Езуса, жыве ў стане сіроцтва, сцвердзіў папа Францішак 19 красавіка 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Сваю гамілію Пантыфік пачаў са спасылкі да непрабіўнога скептыцызму юдэяў адносна Езуса, аб якім кажа Евангелле паводле св. Яна (10,22-30).

“Дакуль будзеш трымаць нас у няпэўнасці? Калі Ты Месія, скажы нам адкрыта” – гэта пытанне, якое кніжні і фарысеі часта задавалі Хрысту ў розных формах, магло нараджацца толькі ў сляпых сэрцах. Гэту духоўную слепату Езус тлумачыў сваім суразмоўцам так: “Вы не верыце, бо вы не з Маіх авечак”. Быць часткай статку Божага – гэта ласка, якая патрабуе, аднак, адкрытага сэрца, перакананы Папа.

Францішак адзначыў, што менавіта Бог Айцец прыцягвае сэрцы людзей да Хрыста. Цвёрдасць сэрцаў кніжнікаў і фарысеяў, якія бачылі чыны Езуса, але адмаўляліся прызнаваць у Ім Месію, гэта “драма”. Фарысеі ніякім чынам не жадалі верыць ва ўваскрасенне і нават падбухторылі вартаўнікоў магілы Хрыста, прызнацца ў тым, што заснулі, каб абвінаваціць вучняў у выкраданні цела свайго Настаўніка. 

Такі стан Францішак лічыць сапраўдным “сіроцтвам”. “Гэтыя настаўнікі Закона мелі закрытыя сэрцы, адчувалі сябе гаспадарамі саміх сябе, а на самой справе былі сіротамі, бо не мелі адносін з Айцом (...). Гэта драма закрытых сэрцаў гэтых людзей”, - сказаў Папа. Падобнай закрытасці Святы Айцец супрацьпаставіў прыклад язычнікаў з кнігі Дзеяў Апосталаў (11, 29-16), якія навярталіся, калі чулі слова Божае. 

Напрыканцы гаміліі Францішак падкрэсліў, што каб стаць вучнямі Хрыста трэба дазволіць Айцу прыцягнуць нас да Яго. Ён заклікаў маліцца такімі словамі: “Ойча, прыцягні мяне да Езуса. Ойча, дай мне пазнаць Езуса”. Айцец спашле Духа, каб адкрыў нашы сэрцы і прывядзе да Хрыста, перакананы Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.