2016-04-18 12:54:00

Пантыфік: слухаць Езуса, а не варажбітаў


Калі будзем слухаць голас Езуса і ісці за ім – не памылімся, сцвердзіў папа Францішак 18 красавіка 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Пантыфік пахіліўся над евангельскімі ўрыўкам у якім Хрыстус кажа: “Хто ўваходзіць не праз браму на авечы двор, але прабіраецца інакш, той злодзей і злачынец. А хто ўваходзіць праз браму, той пастыр авечак” (Ян 10,1-10). 

Францішак адзначыў, што нельга ўвайсці ў вечнае жыццё інакш, як не праз браму, якой з’яўляецца Езус. Хрыстус, паводле Папы – гэта таксама брама штодзённага жыцця і ўсе рашэнні трэба прымаць у Яго імя. 

Пантыфік крытычна выказаўся пра людзей, якія ў складаных жыццёвых сітуацыях пачынаюць звяртацца да праказальнікаў і варажбітаў. “Калі робіш так – не ідзеш за Езусам! Ідзеш за кімсьці іншым, хто ўказвае табе іншую дарогу (...) Езус – гэта брама і шлях. Калі будзем ісці за Ім, не заблукаем!”, - сказаў ён.

Паводле слоў Святога Айца, голас Езуса, Добрага Пастыра, можна пачуць ў благаслаўленнях і ўчынках міласэрнасці. “Калі хтосьці вучыць цябе шляху супрацьлегламу благаслаўленням, гэта той, хто ўвайшоў праз вакно: гэта не Езус!”, - сказаў Францішак. Ён дадаў, што пазнаць голас Хрыста можна ў тых, хто вучыць малітве “Ойча наш”.

“Такое яно простае, хрысціянскае жыццё. Езус – гэта брама; Ён вядзе нас па шляху, а мы пазнаем Яго голас у благаслаўленнях, учынках міласэрнасці і калі вучыць казаць: “Ойча!”.

Напрыканцы гаміліі, Пантыфік заклікаў маліцца, каб Пан дапамог нам зразумець гэты вобраз Езуса: пастыра, які з’яўляецца брамай, які ўказвае шляху і вучыць слухаць Яго голас.








All the contents on this site are copyrighted ©.