2016-04-16 13:52:00

Папа: мігранты – не лічбы, а асобы, імёны і гісторыі


16 красавіка 2016 г. папа Францішак сустрэўся з прадстаўнікамі грамадзянскай і каталіцкай супольнасцяў востраву Лесбас. “Заклапочанасць дзяржаўных структур і людзей, тут у Грэцыі і ў іншых краінах Еўропы, зразумелая і законная. Тым не менш, нельга забываць, што мігранты, гэта не толькі лічбы, але асобы, абліччы, імёны, гісторыі. Еўропа – гэта радзіма правоў чалавека і ўсе, хто ступаюць на еўрапейскую зямлю павінны карыстацца імі, каб лепш усвядоміць, што і самі павінны іх паважаць і бараніць”, - сказаў Папа.

Паводле Францішка, бар’еры ствараюць падзелы, замест таго, каб дапамагаць сапраўднаму развіццю народаў. Рана ці поздна яны правакуюць канфлікты.

“Каб быць сапраўды салідарнымі з тымі, хто вымушаны ўцякаць са сваёй зямлі, трэба працаваць дзеля ліквідацыі прычын гэтай драматычнай сітуацыі: не дастаткова толькі аказваць тэрміновую дапамогу, але неабходна развіваць усеахопныя палітычныя стратэгіі, не аднабаковыя”, - сказаў Папа.

Пантыфік заклікаў “будаваць мір там, дзе вайна прынесла разбурэнні і смерць, і не дапускаць, каб гэта пухліна пашырылася далей”. Для гэтага неабходна спыніць гандль зброяй і пазбавіць любой падтрымкі тых, хто рэалізуе праекты нянавісці і насілля, пры гэтым не ізалюючы нікога. Францішак заклікаў міжнародную супольнасць да супрацоўніцтва і ўсклаў надзею на вырашэнне праблем бежанцаў на Сусветны гуманітарны саміт, які ў маі 2016 г. пройдзе ў Стамбуле.

Перад сваім зваротным падарожжам у Рым, Святы Айцец правёў прыватныя размовы з Патрыярхам Барталамеем І, Архіепіскапам Афін і ўсяе Грэцыі Іеранімам ІІ, а таксама грэчаскім прэм’ерам.

Падарожжа папы Францішка на грэчаскі востраў стала яго трынаццатым замежным візітам. Да гэтага на тэрыторыі Еўропы Святы Айцец наведаў: Тырану, Стамбул, Сараева, а таксама еўрапейскія структуры ў Страсбургу.








All the contents on this site are copyrighted ©.