2016-04-15 11:22:00

Шэкспіраўскі “Гамлет” быў паказаны ў Ватыкане


“Гамлет” Уільяма Шэкспіра ўпершыню быў паказаны на тэрыторыі Ватыкана. Спектакль быў прадстаўлены 14 красавіка 2016 г. трупай лонданскага “Global Theatre” на сцэне Палацо-дэла-Канчэлерыя – старажытнага рымскага будынку, цяпер – сядзібе судовых устаноў Апостальскай Сталіцы. 

Культурная ініцыятыва была прымеркавана да 400-годдзя знакамітага англійскага драгаматурга, якое будзе адзначацца 23 красавіка 2016 г. Галоўным арганізатарам стала пасольства Вялікабрытаніі пры Святым Пасадзе і Папская рада па культуры.

Ватыканская пастаноўка Шэкспіра стала часткай сусветнага тура “Global Theatre”. У яго рамках акцёры плануюць паставіць знакамітую шэкспіраўскую п’есу ва ўсіх краінах свету. Адзін са спектакляў пройдзе ў лагеры для сірыйскіх бежанцаў у Іарданіі.

Ініцыятыву пракаментаваў для Ватыканскага радыё сакратар Папскай рады па культуры, біскуп Пол Тай. “У гэты Юбілейны год, мы адчуваем патрэбу ў тым, каб расчыніць дзверы, не закрываць нашай праўды, але несці Праўду і Езуса ўсім! Лонданскі “Global Theatre” сур’ёзна ўспрыняў той факт, што ўсё менш людзей ходзіць у тэатр і таму сам выйшаў у свет, несучы яму “Гамлета”, які з’яўляецца часткай сусветнай спадчыны, належыць да ўсіх. Таксама і мы павінны не баяцца несці наша пасланне ва ўсе канцы свету”, - лічыць ватыканскі іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.