2016-04-15 12:49:00

Папа: пакорнаму сэрцу Бог заўсёды дае ласку навяртання


Цвёрдаму сэрцу, якое вырашае з паслухмянасцю адкрыцца на Святога Духа, Бог заўсёды дае ласку і годнасць навяртання, праводзячы, калі трэба, праз прыніжэнне, сказаў папа Францішак 15 красавіка 2016 г. падчас ранішняй Эўхырастыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Пантыфік пракаментаваў евангельскае апавяданне пра навяртанне св. Паўла (Дз 9,1-20).

Паводле Францішка, дбайны клопат пра сакральныя рэчы не заўсёды азначае, што сэрца чалавека адкрыта на Бога. Прыкладам гэтага можа быць гісторыя св. Паўла, які маючы закрытае для Хрыста сэрца, быў гатовы знішчаць Яго паслядоўнікаў і з гэтай мэтай накіроўваўся ў Дамаск.

Тым не менш, Павел “дазволіў Богу змяніць сваё сэрца”. Ён быў асветлены з неба, пачуў голас, які яго клікаў, упаў на зямлю і ў адзін момант стаў сляпым. Будучы Апостал Народаў пачаў разумець, што павінен прыняць прыніжэнне. Гэта, паводле Францішка, з’яўляецца шляхам да адкрытасці сэрца. “Калі Пан пасылае нам прыніжэнні або дазваляе, каб мы былі прыніжаны, то робіць гэта менавіта для таго, каб наша сэрца адкрылася, каб стала паслухмяным, каб навярнулася да Пана Езуса”, - сказаў ён.

Пантыфік нагадаў, што затым Бог паслаў да Саўла вучня па імені Ананія, які ўсклаў на яго рукі і адразу нібы луска спала з вачэй ягоных, і стаў відушчым, падняўся і быў ахрышчаны. “Цвёрдасць сэрца Паўла ператварылася ў паслухмянасць Святому Духу”, - сказаў Францішак і дадаў, што менавіта Дух з’яўляецца галоўнай дзеючай асобай у Касцёле.

“Цудоўна бачыць, наколькі Пан здольны змяняць сэрцы” і рабіць так, каб “цвёрдае, упартае сэрца стала сэрцам паслухмяным Святому Духу”, заўважыў Пантыфік. Ён падкрэсліў, што цвёрдасць у сэрцы маюць усе і таму, калі трэба, варта прасіць аб ласцы пакоры, каб з годнасцю ўзняцца над зямлёй.








All the contents on this site are copyrighted ©.