2016-04-14 14:25:00

Папа: мы жывем ва ўмовах варожай Евангеллю культуры


Сёння хрысціяне пакліканы наследаваць адвагу мучанікаў, падкрэсліў папа Францішак 14 красавіка 2016 г. падчас аўдыенцыі для выкладчыкаў і навучэнцаў Папскага шатландскага калегіума. Сустрэча была прымеркавана да 400-годдзя рэарганізацыі гэтай структуры ў духоўную семінарыю. 

“Гэты юбілей багаты значэннем не толькі па прычыне мінулых гадоў, але галоўным чынам таму, што нагадвае пра вернасць шаснаццаці мужчын, якія 11 сакавіка 1616 года прадэманстравалі сваё рашучае жаданне вярнуцца ў Шатландыю ў якасці святароў, каб абвяшчаць Евангелле. Гэта рашучасць нарадзілася з крыві мучанікаў”, - сказаў Папа. 

Пантыфік патлумачыў, што гаворка ідзе пра мучаніцтва св. Джона Огілві. Забойства гэтага езуіта павінна было спыніць пашырэнне каталіцкай веры, аднак стала імпульсам для яе развіцця і абароны права Касцёла на прабыванне  ў еднасці з Пасадам св. Пятра. 

Папа высока ацаніў мужнасць шаснаццаці шатландскіх святароў, якія, натхнёныя прыкладам св. Джона Огілві, пасля атрымання падрыхтоўкі ў Рыме вярнуліся на сваю Радзіму без страху стаць мучанікамі. “Гледзячы на вас сёння, я магу бачыць, дзякуючы ласцы Святога Духа, што мучаніцтва св. Джона і адвага тых шаснаццаці асоб прынеслі плёны для вашай умілаванай Айчыны”, - сказаў Францішак сённяшнім шатландскім семінарыстам.

Паводле Святога Айца, таксама і сёння Касцёл жыве ў “час мучаніцтва” і ва ўмовах варожай Евангеллю культуры. “Я заклікаю вас да таго ж духа самаахвярнасці, які мелі вашы папярэднікі. Любіце Езуса больш за ўсё іншае”, - заклікаў Папа.

Францішак пажадаў святарам і семінарыстам быць сведкамі Божай міласэрнасці, асабліва ў вачах моладзі, як касцёльнай, так і далёкай ад веры. 








All the contents on this site are copyrighted ©.