2016-04-14 14:42:00

Ватыкан: афіцыйная праграма візіту Святога Айца на Лесбас


14 красавіка 2016 г. была апублікавана афіцыйная праграма візіту Святога Айца на грэчаскі востраў Лесбас. Ён накіруецца туды ў бліжэйшую суботу, 16 красавіка, для сустрэчы з уцекачамі з Блізкага Усходу. 

У 10.20 па мясцовым часе чакаецца прыбыццё Пантыфіка ў Міжнародны аэрапорт “Адзісеас Эліціс” горада Міціліні, які звязвае востраў Лесбас з мацерыковай часткай Грэцыі. Яго сустрэне прэм’ер-міністр краіны Алексіс Цыпрас, а таксама Патрыярх Канстантынопальскі Барталамей І, Архіепіскап Афін і ўсяе Грэцыі Іеранім ІІ, а таксама старшыня каталіцкага епіскапату Грэцыі, біскуп Франгіскас Папаманоліс. 

Адразу пасля цырымоніі прывітання ўсе яны разам з Папам накіруюцца ў лагер для бежанцаў у Морыя, дзе знаходзіцца каля 2,5 тыс. чалавек, з якіх 150 непаўналетнія. Рэлігійныя лідэры пройдуць спачатку да месца рэгістрацыі бежанцаў, а затым наведаюць вялікую палатку, каб сустрэцца з імі ў індывідуальным парадку. Папа і два праваслаўных іерархі звернуцца да ўцекачоў з прамовамі, а затым паабедаюць з імі. Прадугледжана таксама падпісанне сумеснай дэкларацыі.

У сядзібе Вайсковай берагавой аховы, куды пасля абеду накіруююца Пантыфік і іерархі, адбудзецца іх сустрэча з грамадзянскай супольнасцю і прадстаўнікамі католікаў. Там прагучыць супольная малітва рэлігійных лідэраў за “ахвяр міграцыі”. 

Перад сваім зваротным падарожжам у Рым, Святы Айцец правядзе прыватныя размовы з Патрыярхам Барталамеем І, Архіепіскапам Афін і ўсяе Грэцыі Іеранімам ІІ, а таксама грэчаскім прэм’ерам.

Падарожжа папы Францішка на грэчаскі востраў стане яго трынаццатым замежным візітам. Да гэтага на тэрыторыі Еўропы Святы Айцец наведаў: Тырану, Стамбул, Сараева, а таксама еўрапейскія структуры ў Страсбургу. 

Як падкрэсліў14 красавіка 2016 г. афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду, кс. Фэдэрыка Ламбардзі, візіт носіць выключна гуманітарны і экуменічны характар, і не мае ніякага палітычнага падтэксту.








All the contents on this site are copyrighted ©.