2016-04-12 12:53:00

Францішак пра “адукаваны” пераслед хрысціян


Пераслед – гэта штодзённы хлеб Касцёла, сказаў папа Францішак 12 красавіка 2016 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Спасылаючыся на евангельскае апавяданне пра мучаніцтва св. Стэфана, Пантыфік закрануў тэму пераследу хрысціян, нагадаўшы, што вызнаўцы Хрыста працягваюць гінуць за сваю веру да сённяшняга дня.

Пераслед спадарожнічае жыццю хрысціян на працягу двух тысяч гадоў. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова прагуляцца па вуліцах Рыма і ўбачыць шматлікія месцы, пазначаныя крывёй хрысціянскіх мучанікаў. “Пойдзем у Калізей і падумаем пра мучанікаў, якіх разрывалі львы”, - сказаў Папа.

Мучанікі, аднак, былі не толькі ў мінулым. Францішак нагадаў пра ахвяраў тэракту ў Пакістане, які здарыўся у сёлетнюю Велікодную нядзелю і забраў жыцці вернікаў, якія святкавалі Уваскрасенне. “Гісторыя Касцёла развіваецца дзякуючы мучанікам”, - лічыць Святы Айцец. 

Францішак нагадаў і пра іншы від сучаснага пераследу хрысціян. Ён хаваецца за маскай культуры, сучаснасці і прагрэсу. Гэты пераслед Папа іранічна назваў “адукаваным”. Вернікі падвяргаюцца яму не за тое, што вызнаюць імя Хрыста, але таму што хочуць мець і дэманстраваць каштоўнасці Сына Божага. Паводле Францішка, такі пераслед праяўляецца ў навязванні законаў, якія супярэчаць Божай задуме, а калі народы адмаўляюцца іх прымаць, то падвяргаюцца крытыцы і “адукаванаму пераследу”. “Гэта пераслед, які пазбаўляе чалавека свабоды, у тым ліку свабоды сумлення”, а кіруе ім “князь гэтага свету” – д’ябал. “Гэта вялікае пераслед супраць Бога Створцы”, - перакананы Папа.

Францішак заклікаў вернікаў быць пільнымі і не аддаляцца ад Бога, быць упэўненымі ў Яго пастаяннай падтрымцы, не паддавацца духу гэтага веку.








All the contents on this site are copyrighted ©.