2016-04-12 12:39:00

Кардынал: Папа едзе на Лесбас не для фота з уцекачамі


Папа едзе на Лесбас не фатаграфавацца з беднымі, але для таго, каб заклікаць да вырашэння рэальных прычын крызісу міграцыі, сказаў кардынал Пітэр Тарксан. Кіраўнік Папскай рады “Iustitia et Pax” вельмі крытычна ставіцца да пагаднення Брусэля з Анкарой, якое, на яго думку, толькі на імгненне супакоіць сітуацыю, але праблему не вырашыць. Для гэтага патрэбны мір, лічыць ватыканскі іерарх.

На яго думку, Еўрапейскі Саюз адмаўляецца ліквідаваць карэнныя прычыны крызісу, якія добра вядомыя. Для гэтага патрэбна адсячэнне тэрарыстычнай арганізацыі “Ісламская дзяржава” ад фінансавання і рашучае асуджэнне джыхадзістаў з боку саміх мусульман.

“Ісламская дзяржава, здаецца, вельмі моцная. Яе ўлада грунтуецца на грошах. Яна да гэтага часу мае доступ да грошай, усё яшчэ можа набываць зброю. Чаму мы гэта не спынім? Чаму мы даём магчымасць Ісламскай дзяржаве прадаваць нафту па нізкіх коштах. Хапіла б няшмат, каб гэта спыніць. Гэта першае. Па-другое, усе сцвярджаюць, што з Ісламскай дзяржавай не можна весці размовы. Я не веру ў гэта. Можна іх дасягнуць, таму што яе не толькі ствараюць мусульмане, яна падтрымліваецца некаторымі групоўкамі ісламу. Таму ў імя чалавецтва і ў імя Бога, за якога, нібыта, змагаюцца, ці не маглі б яны хоць крыху супакоіцца. Бог не мае патрэбы ў нашай сіле, Ён мае патрэбу ў нашым сведчанні”, - лічыць старшыня Папскай рады “Iustitia et Pax”.








All the contents on this site are copyrighted ©.