2016-04-11 14:45:00

Папа: не выкарыстоўваць Божае слова для асуджэння


Не асуджаць іншых, ужываючы Божае слова, заклікаў папа Францішак 11 красавіка 2016 г. падчас сваёй гаміліі на ранішняй св. Імшы ў Ватыкане. Лічыцца чалавечае жыццё, а не схемы, дадаў ён, звяртаючыся да прысутных у капліцы Дому св. Марты. Папа спаслаўся на першае чытанне сённяшняй літургіі (Дз 6,8-15), якое апісвае судовы працэс над Стэфанам перад сінедрыёнам. 

“Гісторыя распавядае пра многіх людзей, якія былі забітыя, прыцягнутыя да адказнасці, нават калі былі не вінаватыя: пра асуджаных на падставе Божага слова супраць Божаму слову”, - сказаў Францішак. Ён заўважыў, што настаўнікі закону абвінавацілі Стэфана, таму што “не маглі супрацьстаяць мудрасці і Духу, з якімі ён прамаўляў”. Яны “паставілі ілжывых сведкаў, якія казалі: Гэты чалавек не перастае блюзнерыць супраць святога месца і Закона”. 

Каментуючы гэтыя словы Папа адзначыў, што сэрца, зачынена для Божай ісціны, прывязваецца выключна да ісціны Закона, і яшчэ больш – да літары Закона, і адзінае выйсце, якое бачыць, гэта хлусня, ілжывыя сведкі і прысуд да смерці.

Папа прызнаўся, што ён з цяжарам на сэрцы чытае ўрывак з Евангелля Мацвея, у якім мова ідзе пра тое, што Юда пасля смерці Езуса раскаяўся, вярнуў трыццаць сярэбранікаў першасвятарам і старэйшынам. На што яны сказалі: “Што нам да таго? Глядзі сам” (Мц 27, 4). Іх сэрца было зачынена, жыццё гэтага няшчаснага чалавека, які пайшоў вешацца, нічога для іх не значыла. Для іх не мае значэння пакаянне Юды, лічыцца толькі іх схема.

Вяртаючыся да гісторыі Стэфана, Святы Айцец адзначыў, што канец яго жыцця быў такі ж, як ў і прарокаў і самаго Езуса. І гэта паўтараецца ў гісторыі Касцёла. Тут Пантыфік узгадаў, між іншымі, Жанну д’Арк, і многіх іншых людзей, якія былі спалены, асуджаны, бо, на думку суддзяў, не адпавядалі Божаму слову. Прыкладам тут з’яўляецца Езус, Які, каб быць верным і паслухмяным Слову Айца, апынаецца на крыжы. Ён пяшчотна кажа вучням з Эмаус: “О неразумныя і марудныя сэрцам, каб паверыць усяму, што казалі прарокі!” (Лк 24, 25). 

Францішак заклікаў вернікаў прасіць Бога, каб Ён з той жа далікатнасцю глядзеў на малое або вялікае глупства нашых сэрцаў, падарыў нам пяшчоту і пачаў тлумачыць сэнс рэчаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.