2016-04-10 14:05:00

Папа: прысутнасць ўваскрослага Езуса ператварае ўсё


Пра місію хрысціян абвяшчаць уваскрослага Хрыста ўсім людзям, асабліва пакутуючым, самотным, хворым, выдаленым на ўзбочыну грамадства, казаў Францішак 10 красавіка 2016 г. падчас сваіх разважанняў перад малітвай "Regina Caeli".

“Сённяшняе Евангелле кажа пра трэцяе з’яўленне ўваскрослага Езуса вучням на беразе Галілейскага мора, апісваючы цудадзейны ўлоў рыбы (Ян 21,1-19), - нагадаў Папа. - Гісторыя змяшчаецца ў кантэксце паўсядзённага жыцця вучняў, якія вярнуліся на радзіму, да працы рыбакоў пасля шакавальных дзён мукі, смерці і ўваскрасенне Пана. Ім цяжка было зразумець, што адбылося. Але калі ўсё, здавалася, скончылася, Езус зноў пайшоў на “пошук” сваіх вучняў. Ён працягвае шукаць іх. На гэты раз Ён сустрэў іх на возеры, дзе яны правялі ноч на лодцы, нічога злавіўшы. Пустыя сеткі з’яўляюцца, у пэўным сэнсе, вынікам іх досведу з Езусам: яны пазналі Яго, пакінулі ўсё, каб ісці за Ім, поўныя надзеі ... а зараз? Так, яны бачылі Яго ўваскрослым, але потым падумалі, што Ён сышоў, пакінуў іх. Гэта было падобна на сон.

Але вось на досвітку Езус з’яўляецца на беразе возера. Яны, аднак, не пазналі Яго (Ян 21,4). Гэтым змучаным і расчараваным рыбакам Пан кажа: “Закінце сетку з правага боку чаўна і знойдзеце” (Ян 21, 6). Вучні давяраюць Езусу, і вынікам з’яўляецца вельмі багаты ўлоў. У гэты момант Ян звярнуўся да Пятра і сказаў: “Гэта Пан!” (Ян 21, 7). Пётр адразу ж скокнуў у ваду і паплыў да берага, да Езуса. У гэтым крыку: “Гэта Пан!”, утрымоўваецца ўвесь энтузіязм пасхальнай веры, поўнай радасці і здзіўлення, якая рэзка кантрастуе з разгубленасцю, дэпрэсіяй, пачуццём бездапаможнасці, што назапасілася ў свядомасці вучняў. Прысутнасць ўваскрослага Езуса ператварае ўсё: цемра была пераможана святлом, бескарысная праца зноў становіцца плённай і шматабяцальнай, стомленасць і пакінутасць пераможаны новай энергіяй і ўпэўненасцю ў тым, што Ён з намі.

З гэтага моманту тыя ж пачуцці ажыўляюць і Касцёл, супольнасць Уваскрослага – мы ўсе з’яўляемся супольнасцю Уваскрослага. Хоць на першы погляд можа здацца, што часам пераважвае цемра зла і нягоды паўсядзённага жыцця, Касцёл ведае з упэўненасцю, што над тымі, хто ідзе за Панам Езусам блішчыць ужо непагаснае святло Пасхі. Цудоўная вестка Уваскрэсення напаўняе сэрцы вернікаў глыбокай радасцю і непахіснай надзеяй. Хрыстус уваскрос! І сёння Касцёл абвяшчае гэту святочную навіну: радасць і надзея працягваюць узыходзіць у сэрцах, на тварах, у жэстах і словах. Мы ўсе хрысціяне пакліканы пераказваць паведамленне пра ўваскрасенне людзям навокал, асабліва пакутуючым, самотным, тым, хто апынуўся ў цяжкіх умовах, хворым, бежанцам, выдаленым на ўзбочыну. Давайце зробім так, каб усіх дасягнуў прамень святла ўваскрослага Хрыста, знак Яго міласэрнай сілы.

Няхай Ён, Пан, абновіць у нас пасхальную веру. Няхай зробіць нас больш і больш свядомымі нашай місіі служэння Евангеллю і братам. Няхай напоўніць нас сваім Святым Духам, каб мы, падтрыманыя заступніцтвам Марыі, з усім Касцёлам маглі абвяшчаць прыгажосць Яго любові і багацце Яго міласэрнасці”, - сказаў Пантыфік.

На заканчэнне нядзельнай сустрэчы з вернікамі Францішак папрасіў іх не пераставаць маліцца за яго.








All the contents on this site are copyrighted ©.