2016-04-10 12:50:00

Беларусь: Эдвард Вайніловіч – пачатак працэсу беатыфікацыі


Пакуты, занядбанне, адраджэнне. Усё гэта – лёс Касцёла св. Сымона і св. Алены ў Мінску. Людзей, якія памятаюць няпростыя гады храма, усё яшчэ шмат. І яны, як і новае пакаленне вернікаў, святары, навукоўцы сабраліся 10 красавіка 2016 г. каля вядомага ва ўсім свеце сімвалу беларускай сталіцы, каб выказаць удзячнасць яе фундатару. 

У Беларусі распачаты працэс беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча – першы працэс на тэрыторыі краіны ў сучаснай яе гісторыі і першы – у адносінах да свецкага верніка, нагадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Святым можа стаць кожны, а прыклад жыцця Вайніловіча – яркі гэтаму доказ, падкрэсліў беларускі іерарх.

“Вайніловіч – прыклад для сучаснага сем’яніна, бацькі. Ён – таксама і грамадскі дзеяч, тры разы абіраўся ў Дзяржаўную Думу, гэты факт сам за сябе кажа. У царскай Расіі ён захаваў, у тых складаных умовах, сваю хрысціянскую тоеснасць, і застаўся грамадзянінам і патрыётам сваёй зямлі”, - сказаў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё арцыбіскуп Кандрусевіч.
 
Эдвард Вайніловіч як палітык і грамадскі дзеяч апярэдзіў свой час: не толькі ў думках, але і ў справах: праз спрыянне духоўнаму і культурнаму развіццю, міжканфесійнаму дыялогу. Больш за сто гадоў таму як добры сем’янін і адданы хрысціянін ён заснаваў храм – у памяць аб сваіх заўчасна памерлых дзецях Сымоне і Алене. Але ён стаў фундатарам не толькі каталіцкага храма, але і праваслаўнай царквы, мячэці і сінагогі. 

Рашэнне аб пачатку працэса беатыфікацыі было прынята не адразу: больш за два гады ў Беларусі збіралі неабходныя дакументы. Таксама быў атрамыны дазвол ад біскупа з Быдгошчы, дзе памёр Вайніловіч, таго патрабуюць правілы. Працэс вядзе пастулятар, кс. Анджэй Сцомбер, а яго намеснікам вызначаны кс. Раман Факсінскі, які паведаміў аб падрабязнасцях працэдуры.

“Трыбунал – гэта суд, мы павінны па сутнасці асудзіць святасць, прызнаць – ёсць яна ці яе няма. Ясная справа, што Каталіцкі Касцёл не робіць усё адразу і зараз, трэба паслядоўнае вывучэнне асобы. Напрыклад, мы бачылі святасць Яна Паўла ІІ і ніхто не сумняваўся ў гэтым, нават “Santo subito” крычалі на плошчы, але быў працэс. Мы з павагай адносімся да святасці гэтага чалавека, але трэба сапраўды прызнаць, у чым праявілася гэтая святасць. І толькі Папа воносіць свой вердыкт. Вельмі важна, каб гэты час мы маліліся аб хуткай беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча, трыбунал будзе спакойна працаваць, а народ Божы павінен маліцца,” – сказаў кс. Раман Факсінскі.    
 
Эўхарыстыю ў Чырвоным касцёле на пачатак працэсу беатыфікацыі ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Потым задзейнічаныя ў працэс атрымалі дэкрэты і склалі прысягу. Сёння ў Мінску была прадстаўлена і малітва, з якой можна звяртацца да Бога праз заступніцтва Эдварда Вайніловіча, а таксама партрэт Слугі Божага, які будзе лічыцца афіцыйнай выявай, паведаміў пробашч парафіі св. Сымона і св. Алены, кс. Уладзіслаў Завальнюк.

“Раз у месяц мы будзем выносіць гэту выяву ў касцёл і гэта будзе напамін: людзі маліцеся і слаўце Бога, каб Ён праз заступніцства Эдварда Вайніловіча аб’яўляў нам сваю святую волю і цуды – гэта дапамога ў розных патрэбах, спакой, каб людзі адчувалі, што Вайніловіч з намі і сярод нас. Сёння увесь свет чуе пра Беларусь і Эдварда Вайніловіча, гэта такая радасць, што Беларусь сапраўды мае такую веліч не толькі у сваім народзе, але і паміж народамі!”, - падкрэсліў эмацыйна святар.  

Усіх вернікаў Касцёл заклікаў маліцца аб цудзе, неабходным для беатыфікацыі. Распачацце беатыфікацыйнага працэсу праходзіла каля месца, дзе ў 2006 г. былі перапахаваны парэшткі Эдварда Вайніловіча, перавезеныя з Польшчы. І менавіта тут узнікала думка: няўжо не цуд, што Эдвард Вайніловіч вярнуўся на радзіму, да падножжа свайго тварэння? Няўжо не цуд, што святыня, асуджаная на знішчэнне і занядбанне, адрадзілася – не гледзячы ні на што!

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.