2016-04-09 14:10:00

Ватыканскі кардынал пра наступствы дэфармацыі літургіі


Прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў заклікаў да недапушчальнасці злоўжыванняў у літургіі. Ён казаў пра гэта падчас прэзентацыі кнігі італьянскага тэолага, айца Ніколы Букса “З сакрамэнтаў не жартуюць” (Con i sacramenti non si scherza).

Спасылаючыся на шматлікія выступы Бэнэдыкта XVI, кардынал Рабер Сара адзначыў, што ў мінулыя паслясаборныя дзесяцігоддзі мы сталі сведкамі дэфармацыі літургіі да мяжы магчымага. Гэта пастаянны і нарастаючы працэс, якому, здаецца, не будзе канца, падкрэсліў ён і нагадаў, што гэту праблему ўжо уздымаў Ян Павел II у энцыкліцы „Ecclesia de Eucharistia” і інструкцыі “Redemptionis Sacramentum”. Бэнэдыкт XVI выдаў, між іншым, на тую ж тэму адгартацыю “Sacramentum Caritatis” і дакумент “Summorum Pontificum”.

Па словах кіраўніка ватыканскай дыкастэрыі, сёння трэба вярнуць у цэнтр Найсвяцейшы Сакрамэнт, які па незразумелых прычынах быў адсунуты ў бок, каб, нібыта, не выклікаць меркаванага канфлікту знакаў. 

Кардынал папярэдзіў, што сёння мы маем справу з паваротным момантам ва ўспрыманні літургіі, слабее вера ў пераўтваральную сілу сакрамэнтаў. Трэба іх тлумачыць нанова, таму што з-за адвольных рашэнняў некаторых святароў мае месца вялікая блытаніна, і людзі больш не разумеюць сакрамэнтаў. Многія прадстаўнікі духавенства падчас літургіі паводзіць сябе як тэлевядучыя. Іерарх прапанаваў некаторыя радыкальныя рашэнні, напрыклад, забарону на здымкі падчас літургіі, каб яна не станавілася нейкім відовішчам. 

Кардынал Сара ўзгадаў Яна Паўла II і прызнаўся, што найвялікшым дарам, які ён атрымаў ад святога Пантыфіка, была яго пашана да Найсвяцейшага Сакрамэнту.








All the contents on this site are copyrighted ©.